Мытнік: “Гэта ў тых, хто ворагі, на мяжы праблемы”

Еўрарадыё спрабавала даведацца, ці могуць мытнікі праверыць ваш камп’ютар, і атрымала ад іх параду: “Так і скажыце: антыпрэзідэнцкую прапаганду не вязу”.
Сюжэт пра студэнтаў-каліноўцаў, паказаны па Беларускім тэлебачанні, зноў узняў пытанне аб перавозе ноутбукаў, флэшак і іншых носьбітаў інфармацыі праз мяжу. У “Панараме” паказалі канфіскаваныя ноўтбукі, дзе ў схаваных файлах нібыта былі сакрэтныя матэрыялы па тэрарызме. Тое, што камп’ютары канфіскавалі год таму, а не цяпер, мы пакідаем на сумленні журналістаў БТ.

Еўрарадыё знайшло праграміста, які за 15 хвілін абверг факт сакрэтнасці ўсіх файлаў. Андрэй Іваноў лёгка знайшоў усе файлы ў Інтэрнэце. Цікава, што гэта аказаліся тыя ж старонкі, якія паказалі па афіцыйным тэлебачанні. Такія файлы хаваць не мае сэнсу, бо дастаткова зайсці ў Сеціва па спасылцы.

Андрэй Іваноў: “Амаль увесь кампраментацыйны матэрыял я знайшоў у Яндэксе па запыце “выбуховыя рэчывы”. У прынцыпе, гэта звычайная Інтэрнэт-энцыклапедыя з апісаннем гэтых рэчываў. Гэтак жа лёгка знайсці і падручнік па самагубствах “100 спосабаў самагубства”, які фігураваў у сюжэце”.

Ці трэба дэклараваць ноўтбук, ці абкладаецца ён пошлінай і ці могуць яго канфіскаваць – пытанні для мытнікаў складаныя. На адной і той жа гродзенскай мяжы Еўрарадыё пачула розныя меркаванні. Дарэчы, усе з апытаных намі мытнікаў прызналіся, што сюжэт у “Панараме” паглядзелі.

Першы мытнік: “А раптам вы везяце якія-небудзь недаступныя аўдыёвізуальныя матэрыялы шкодныя? Не, задэклараваць ноўтбук трэба абавязкова, але пошлінамі ён не абкладаецца. Вы не перажывайце, людзі ездзяць туды-сюды. Гэта ў тых, хто ворагі, праблемы. Калі ў вас сумленне чыстае, нідзе не “засвяціліся”, ніхто вас правяраць не будзе. Так і скажыце: антыпрэзідэнцкую агітацыю не вязу”.

Іншы мытнік кажа, што ноўтбук не падлягае абавязковаму дэклараванню, але праверыць яго маюць права. Дарэчы, ніводзін з мытнікаў ні разу камп’ютарныя файлы і праграмы не правяраў.

Другі мытнік: “Не, не абавязкова дэклараваць. Для мытнага кантролю нічога асабістага не існуе! Усё, што вы везяце, падлягае дагляду, аналізу, экспертызе...”

Праз мяжу нельга перавозіць матэрыялы, якія могуць пашкодзіць эканамічнаму, палітычнаму ці культурнаму становішчу Беларусі. Але як высветліць, што чаму шкодзіць, на мытнях не ведаюць. Куды ісці па даведку, што ў тваім ноўтбуку нічога кампраментацыйнага няма, каб на мытні не ўзнікла праблем, незразумела.

Але юрыст і мытны агент Галіна сцвярджае, што вы маеце поўнае права нікому ўласных дакументаў не паказваць. Задэклараваць – мусіце, перапісаць нумар камп’ютара і г.д. – так, але не больш.

Галіна:
“Пры выездзе вы мусіце ноўтбук, флэшкі задэклараваць. Мытня мусіць вам паставіць штампік, што вы вывезлі гэта. Калі вы вяртаецеся, то гэтую дэкларацыю паказваеце і нічога нікому не плаціце. Вось мой камп’ютар – калі ласка, але асабістыя звесткі я вам не мушу паказваць. Глядзець іх – ужо санкцыя пракурора. Падводзіць гэта ўсё пад тэрарызм, я лічу, трызненне”.

Беларускае заканадаўства настолькі размытае і неканкрэтнае, што нават самі мытнікі не ведаюць законаў і дзейнічаюць згодна са сваёй інтуіцыяй.


За інфармацыйную падтрымку Еўрарадыё дзякуе сайту Грамадзянскага форуму, Партыі свабоды і прагрэсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі