Вы тут

Мужчыну, які падпаліў сябе ў Смалявічах, перавезлі ў Мінск

Скрыншот — мужчына падпаліў сябе

Мужчыну, які 18 верасня падпаліў сябе перад аддзяленнем міліцыі ў Смалявічах, перавезлі ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр у Мінску, які працуе на базе Бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі.

Стан мужчыны ацэньваецца як вельмі цяжкі, паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Увечары 18 верасня ў Смалявічах прайшоў рэспубліканскі кансіліум спецыялістаў. Было вырашана, што смалявіцкія дактары аказалі пацярпеламу усю магчымую дапамогу, і яго — пры стабілізацыі стану — трэба везці ў Мінск.

36-гадовы Сяргей Радчэня перанёс транспарціроўку. Цяпер ён знаходзіцца ў рэанімацыі Рэспубліканскага апёкавага цэнтра ў Мінску.

Напярэдадні знаёмыя мужчыны распавялі Еўрарадыё, што Сяргей родам з вёскі Задомля Смалявіцкага раёна. Працаваў у Мінску, у краме "Віталюр" грузчыкам. Па адукацыі — юрыст, адукацыя вышэйшая.

Ніякіх лозунгаў і запісак перад самаспаленнем Сяргей не пакінуў. "Гэтая гісторыя зусім не пра гэта. Гэта звязана з жыццём, але ніяк не з палітыкай. У яго гэта ўжо было... Ён заўсёды хацеў скончыць жыццё самагубствам", — распавялі нам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.