Мужчыну асудзілі на 2 гады "хіміі" за прызнанне ў каханні да Ціханоўскай

Мужчыну асудзілі на 2 гады "хіміі" за прызнанне ў каханні да Ціханоўскай

6 снежня ў судзе Ляхавічаў 47-гадовага Аляксандра Плескацэвіча прызналі вінаватым у хуліганстве (ч. 1 і ч. 2 арт. 339 КК) і асудзілі на два гады "хіміі", піша праваабарончы сайт "Вясна". Таксама ён павінен кампенсаваць шкоду "Брэстэнерга" на 78 рублёў 78 капеек.

У СІЗА Плескацэвіч знаходзіўся з 18 верасня.

Мужчыну вінавацілі ў тым, што ў сваёй вёсцы Куршыновічы ў жніўні 2021-га ён зрабіў "надпісы і малюнкі белага і чырвонага колераў на апоры ліній электраперадач, электрычны шчыток і сцяну будынка Куршыновіцкага фельчарска-акушэрскага пункта". Акрамя таго мужчына нанёс бел-чырвона-белыя малюнкі на тры драўляныя крыжы, пстаўленыя на ўездзе ў вёску.

У верасні ён зноў нанёс "надпісы і малюнкі фарбай белага і чырвонага колераў яшчэ на 13 апор ліній электраперадач і электрычны шчыток"

Пра мужчыну вядома, што ён жыве ў вёсцы Куршыновічы ў хаце памерлай мамы, афіцыйна беспрацоўны, але падпрацоўвае ў прыватніка — нарыхтоўвае дровы. Лекаваўся ад алкагольнай залежнасці.

Знайшлі яго, як гаварылася ў пратаколе, па размаляваных у бел-чырвона-белыя колеры аканіцах хаты. 

На судзе Плескацэвіч заявіў, што ён слупы белай і чырвонай фарбай не фарбаваў.

Падчас допыту падсуднага высветлілася, што на следстве ён даваў паказанні чатыры разы. Пры гэтым мужчына заявіў, што яму прынеслі гатовы пратакол і прапанавалі падпісаць, але ён адмовіўся. А два з чатырох пратаколаў нават не чытаў. 

Аднак пракурорка зачытала праьакол ад 28 жніўня, дзе былі запісаныя такія тлумачэнні Плескацэвіча: 

"Магу патлумачыць, што тры тыдні назад я нанёс бела-чырвоны малюнак на сваю хату. Прыкладна на наступны дзень нанёс гарызантальныя лініі белага і чырвонага колеру на слуп каля хаты, а потым ізноў на акно, а потым яшчэ на два слупы... На наступны дзень я напісаў на слупе надпіс: "Света, я вас кахаю". Такім чынам я хацеў паказаць, што кандыдатка ў прэзідэнты 2020 года Святлана Ціханоўская мне падабаецца як жанчына. Таму я нанёс гэты надпіс на слуп".

У тым жа тлумачэнні Плескацэвіч казаў, што на бэльках у хаце зрабіў надпіс "Жыве Беларусь", а таксама намаляваў бел-чырвона-белы сцяг. Пры гэтым ён заявіў, што ў несанкцыянаваных мерапрыемствах не ўдзельнічаў, цяперашнюю ўладу хутчэй падтрымлівае і што аднавяскоўцы папярэджвалі яго пра магчымыя праблемы за бел-чырвона-белыя надпісы. 

Там жа ён тлумачыў, што каталіцкія крыжы і сценку ФАПа размаляваў дзеля прыгажосці. Плескацэвіч казаў, што яму падабаецца спалучэнне белай і чырвонай фарбаў. 

На судзе ён заявіў, што мае праблемы з памяццю — не памятае, каб даваў такія паказанні, і ўвогуле не памятае, што адбываў арышт.

На судзе выявілася, што на Плескацэвіча заявіла ягоная аднавяскоўка Ларыса Каліноўская, якая заўважыла бел-чырвона-белы сцяг на сцяне ФАПа і выклікала міліцыю. Яна ж распавяла, што прыйшла з міліцыяй да мужчыны, і той прызнаўся, што надпісы зрабіў менавіта ён, і нават паказаў фарбу.

Псіхолага-псіхіятрычная экспертыза выявіла, што Плескацэвіч сапраўды хварэў на сіндром залежнасці ад алкаголю, аднак падчас "злачынства" цалкам усведамляў характар сваіх дзеянняў. 

Мужчыну асудзілі на 2 гады "хіміі" за прызнанне ў каханні да Ціханоўскай
Аляксандр Плескацэвіч / spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі