Вы тут

Мужчына патрабуе “скінуць” яму ў пашпарце 20 гадоў: так лягчэй знаёміцца

Фота: BBC

Пенсіянер з Нідэрландаў Эміль Ратэлбанд патрабуе праз суд, каб яму афіцыйна змянілі пашпартны ўзрост. Цяпер мужчыне 69 гадоў, а ён хоча выправіць дату нараджэння, каб было толькі 49 гадоў. Свае патрабаванні ён параўноўвае са зменай імя і полу. Маўляў, чаму б не мяняць і пашпартны ўзрост?

Суд глядзіць на перспектывы гэтай справы са скептыцызмам: у Нідэрландах няма прававога механізму, каб змяніць узрост грамадзяніна, паведамляе ВВС.

Тым часам Эміль Ратэлбанд скардзіцца на дыскрымінацыю па ўзросце: у 69 гадоў ён абмежаваны ў магчымасцях, а ў 49 ён можа набыць новы дом, ездзіць на іншай машыне і болей працаваць. Да таго ж, маладзейшы ўзрост павысіў бы яго шансы ў “Ціндары” — прыладзе для знаёмстваў. А калі ён піша, што яму 69, то ніхто проста не адказвае.

Таксама мужчына спасылаецца на меркаванне лекараў, якія нібыта сцвярджаюць, быццам ён мае цела 45-гадовага. Самога сябе Ратэлбанд называе “маладым богам”. Калі яму зменшаць пашпартны ўзрост, ён гатовы адмовіцца ад пенсіі.