МУС шукае мужчыну, які можа мець інфармацыю пра забойства кіргізскага "аўтарытэта"
Беларуская міліцыя шукае мужчыну, які можа ведаць акалічнасці забойства кіргізскага крымінальнага "аўтарытэта" Алманбета Анапіяева.
На сайце МУС згадваецца, што сёлета 18 лютага на вуліцы Карла Лібкнехта ў багажніку аўтамашыны "Мэрсэдэс" быў знойдзены труп мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Па звестках міліцыі, мужчына, паказаны на фота і відэа, можа мець звесткі пра гэтае злачынства.
Усіх, хто мае інфармацыю пра мужчыну альбо пра ўчыненае злачынства, просяць тэлефанаваць на нумары (8-017) 218-79-35, (8-029) 232-63-05, (8-029) 623-66-70. МУС гарантуе ўзнагароджанне і канфідэнцыйнасць.
Раней паведамлялася, што ў багажніку аўтамабіля быў знойдзены забітым кіргізскі крымінальны "аўтарытэт" Анапіяеў. Праваахоўнікі Кыргызстана падазраюць, што да жорсткага забойства ў Мінску мае дачыненне Жаныш Бакіеў — малодшы брат былога прэзідэнта Кіргізіі Курманбека Бакіева. Браты Бакіевы атрымалі палітычны прытулак у Беларусі з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі.
На радзіме Жаныш Бакіеў завочна прысуджаны да пажыццёвага зняволення па абвінавачванні ў масавым забойстве на цэнтральнай плошчы Бішкека 7 красавіка 2010 года і абвешчаны ў вышук. Беларусь неаднаразова адмаўлялася выдаць яго Кыргызстану.