Вы тут

МУС паказала відэа з затрыманым адміністратарам тэлеграм-канала "Белыя халаты"

Затрыманы адміністратар тэлеграм-канала "Белыя Халаты" / Скрыншот з відэа МУС

19 лістапада прэс-служба МУС паведаміла пра затрыманне адмінстратара тэлеграм-канала медыкаў "Белыя халаты". Пра гэта стала вядома яшчэ ў сераду, калі невядомыя захапілі гэты канал, які меў больш за 50 тысяч падпісчыкаў, пісаў пра акцыі пратэсту медыкаў, крытыкаваў афіцыйную статыстыку Мінаховы здароўя па каранавірусе, змяшчаў дакументы. Аператыўна былі створаны новыя "Белыя халаты".

МУС сцвярджае, што ў тэлеграм-канале нібыта абмяркоўваліся "спосабы супрацьдзеяння дзейнай уладзе", публікаваліся "абразы і пагрозы на адрас супрацоўнікаў праваахоўных органаў", заклікі да ўдзелу ў страйках і пратэстах, да звальненняў медработнікаў.

Затрыманне праводзілі супрацоўнікі ГУБАЗіК. "Белыя халаты" яны называюць "радыкальна настроеным тэлеграм-каналам". Па звестках міліцыі, 20-гадовы мінчук, студэнт 4 курса БДМУ быў яго адміністратарам, а таксама чата, з 12 жніўня. Падчас затрымання малады чалавек спрабаваў разбіць свой мабільны тэлефон, каб не даць міліцыі доступу да свайго акаўнта. У яго таксама забралі планшэт і ноўтбук. "Таксама ў студэнта выяўлена польская віза для выезду з краіны", — паведамляе МУС. Сцвярджаецца, што ён атрымліваў з-за мяжы буйныя сумы грошай "для фінансавання дэструктыўнай дзейнасці" (адна з іх — 54 тысячы еўра).

Затрыманы Улад Марціновіч праходзіць падазраваным па крымінальнай справе "аб арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.