Мой участак — што хачу, тое і раблю!
24 незалежныя назіральнікі з тысячы чатырохсот былі выдаленыя з выбарчых участкаў і пазбаўленыя акрэдытацыі. Пра гэта падчас гутаркі з Еўрарадыё распавёў каардынатар кампаніі “Права выбару” Дзяніс Садоўскі. У большасці выпадкаў, па словах “пацярпелых”, выдаленні звязаныя з надуманымі і смешнымі прычынамі і “гаспадарскай” воляй кіраўнікоў камісій.
“Першы раз мяне хацелі выдаліць за маю заўвагу на тое, што не вельмі добра была запячатаная ўрна для галасавання", — распавядае назіральніца на выбарчым участку ў школе−інтэрнаце ў Ждановічах. — Яшчэ адзін раз — за тое, што мы з калегам вырашылі падзарадзіць мабільны тэлефон на калідоры. Гэта раптам стала парушэннем”. Да таго ж, пагрозу выдалення Паўліна Калтавічэнка атрымала за тое, што яна хадзіла ў прыбіральню і папраўляла прычоску.
За нібыта фатаграфаванне выдалілі назіральніка з участка 31 у Фрунзенскім раёне Мінска. Скаргу на яго пісалі іншыя назіральнікі, а да гэтага "пагражалі даць у галаву!".
"Да мяне пачаў чапляцца нейкі мужык сур'ёзнай знешнасці, здаровы такі. Пасля напісаў скаргу, што я яго фатаграфаваў. Ён нібыта назіральнік, але з'явіўся за пяць хвілін да майго выгнання", — кажа малады чалавек, які не хоча называць сваё імя.
Па словах назіральніцы Людмілы Баевай, якая працавала на бабруйскім участку ў Цэнтры адпачынку і творчасці, прычынай яе выдалення сталі амбіцыі старшыні камісіі: “Замест таго, каб вырашаць пытанні шчыра і адкрыта, старшыня камісіі вырашае іх па-гаспадарску: будзе так, як я хачу!”.
Людміла кажа, што канфлікт пачаўся ў першы дзень датэрміновага галасавання, калі члены камісіі апячаталі скрыню, паставілі подпісы. Людміла таксама паставіла подпіс. Але старшыні гэта не спадабалася і яна папярэдзіла, што яшчэ раз назіральніца зробіць падобнае — яе праца ў камісіі скончыцца.
“Сёння мы мусілі былі даць звесткі пра выбаршчыкаў на месцы знаходжання, — працягвае Людміла. — Я спытала, ці можам мы паглядзець гэтыя спісы і ці супадаюць яны з бюлетэнямі. Яна адмовілася даваць гэтыя звесткі. А 14-й мы мусілі падаць звесткі пра тое, колькі прагаласавала выбарцаў. Што тут пачалося! Гэта была кінематаграфічная карціна: “Я вам нічога не абавязаная! Я не маю права вам даваць гэтыя звесткі”. Я кажу, што нічога ж няма страшнага. У вас жа добры ўчастак. — "Я гэта ведаю, і я вам нічога не абавязаная. І ўвогуле вы перашкаджаеце камісіі"”.
Людміла сцвярджае, што ўсе 5 дзён працы ў назіральнікаў і камісіі лічбы супадалі. Калі і былі разыходжанні, то ўсяго на аднаго-дваіх чалавек, але, кажа назіральніца, на такія дробязі ніхто не звяртае ўвагу:
“Гэта такія гаспадарчыя феадальныя адносіны — мой участак, і я што хачу, тое і раблю, абсалютна не разумеючы ні глабальных пытанняў, ні мэтаў і задачаў выбараў увогуле. Яе ўчастак, яна ўстанаўлівае свае правілы, і ўсё. У іх нейкія рэтраградскія погляды, яны на ўсіх глядзяць, як на ворагаў. Я казала, што выйграе Лукашэнка, бо цяпер гэта мэтазгодна. Дык давайце яму не псаваць карціну, ён жа і сам да гэтага заклікае!”
Дарэчы, калега Людмілы, Юрый Мендык, заступіўшыся за калегу, таксама быў абвінавачаны ў перашкодзе працы камісіі і пазбаўлены акрэдытацыі.
Натуральна, што гэта толькі версіі назіральнікаў. Заўтра выкажуцца і кіраўнікі камісій. А мы потым іх аповеды параўнаем.
Фота: Загалоўнае фота — gp.by. Фота з галасавання Лукашэнкі — Сяргея Грыца.