Вы тут

Мора сёлета — толькі Мінскае: беларусы нарэшце стануць адпачываць дома?

Мінскае мора / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё​

— З сярэдзіны сакавіка турыстычная галіна ў Беларусі бяздзейнічае. Попыт на пуцёўкі абваліўся. Супрацоўнікаў скарачаюць, звальняюць, адпраўляюць у адпачынкі за свой кошт, — расказвае Еўрарадыё старшыня савета Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун.

— Я думаю, што ўсё яшчэ наперадзе: і скідацца з дахаў будуць, і вешацца. Сітуацыя вельмі дрэнная, замежнікі не едуць, — дадае фарбаў гаспадар аграсядзібы "Зарачаны" Андрэй Ніжнік.

Сітуацыя ў турыстычнай сферы пагаршаецца па ўсіх франтах. Беларусы не едуць адпачываць за мяжу, замежнікі — у Беларусь. Колькі гэта будзе доўжыцца — ніхто не ведае. А ратаваць тураператараў улады не спяшаюцца. 
 

Мора не будзе

Каля 300 тысяч жыхароў Беларусі забраніравалі пуцёўкі на адпачынак за мяжой у 2020 годзе. Падарожнікі загадзя аплацілі ад 10% да 30% кошту тураў, а турфірмы паспелі разлічыцца са сваімі замежнымі партнёрамі за арганізацыю адпачынку.

Цяпер кліенты патрабуюць свае грошы назад, бо мяжы закрытыя і адпачынкі зрываюцца. Сума, якую трэба вярнуць, — каля 400 млн рублёў. І тут у беларускіх турфірмаў — сур'ёзная праблема.

— За мяжой, напрыклад у Германіі і Грэцыі, урад дазволіў тураператарам [замест адпачынку, які сарваўся] даваць кліентам ваўчары тэрмінам на 18 месяцаў, — расказвае дырэктар тураператара "Ваяжтур" Яўген Сазыкін.Кліент мае права разлічыцца гэтым ваўчарам або пачакаць 18 месяцаў — і толькі тады яму абавязаны вярнуць грошы. Гэтыя правілы распаўсюджваюцца на авіяперавозчыкаў і атэльераў, якім беларускія кампаніі ўжо перадалі грошы за аказанне паслуг. Цяпер на працягу 18 месяцаў мы можам атрымаць ад грэцкага гатэля толькі абслугоўванне, а вяртанне жывых грошай — толькі па заканчэнні гэтага тэрміну.

Дырэктар тураператара "Ваяжтур" Яўген Сазыкін / toursoyuz.by

А ў Беларусі каранавірус на законы не паўплываў. Грошы за ануляваны тур кліенту павінны вярнуць на працягу двух тыдняў. Але ў Еўропе турбізнес атрымаў паўтарагадовую адтэрміноўку па плацяжах і не спяшаецца вяртаць перадаплату беларускім партнёрам. Адпаведна, ім няма з чаго разлічыцца са сваімі кліентамі.

Кіпр / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

— Вядома, на першы погляд можа здацца, што, калі кліент у сітуацыі, якая склалася, не можа вярнуць свае грошы адразу, яго правы ўшчамляюцца. Але лепш адправіцца ў падарожжа пазней або вярнуць грошы з адтэрміноўкай, чым не атрымаць нічога, таму што фірмы стануць банкрутамі! Ад гэтага не выйграе ні дзяржава, ні турбізнес, ні кліенты.

Прага / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Яўген дзякуе беларусам, якія згаджаюцца пачакаць і не звяртаюцца ў суды. Ва ўсіх турыстычных кампаніях, з якімі звязваецца Еўрарадыё, паўтараюць адно і тое ж:

— Мы не адмаўляемся ад сваіх абавязацельстваў, мы вернем грошы ўсім спажыўцам, дайце нам толькі час.​
 

Домік у вёсцы

Раз за мяжой адпачыць не атрымаецца — можа быць, прыйшоў час звярнуць увагу на тое, што ёсць у Беларусі? Тым больш што замежныя турысты, дзеля якіх мела б сэнс задзіраць цэны, пакуль што не могуць прыехаць у Беларусь.

— Цэны ўпалі ніжэй плінтуса. Што было 100 долараў, стала 100 рублёў. У добрыя часы за такія грошы, груба кажучы, не хацелася нават выходзіць і сустракаць. А цяпер — выходзіш, сустракаеш і радуешся, што прыязджаюць, — працягвае Андрэй Ніжнік з аграсядзібы "Зарачаны". — Але ў нас па-ранейшаму шмат прапаноў для беларускіх турыстаў. Мы ведаем, куды можна схадзіць, на чым пакатацца, а не проста адпачыць. Людзі едуць.

Андрэй Ніжнік з аграсядзібы "Зарачаны" / фота з асабістага архіва

У нас адзіны ў Беларусі дом на дрэве, ён увесь час заняты. Вось тыдзень жылі госці, цяпер заехалі на 11 дзён.

У сітуацыі, якая склалася, прадпрымальнік разлічвае толькі на сябе і не чакае дапамогі ад дзяржавы. Хіба што — просіць не абкладаць дадатковымі падаткамі.

Прыкладна тыя ж думкі ва ўладальніка аграсядзібы "Марцінова гусь" Алеся Белага:

— Нашы праблемы могуць узмацніцца, калі пройдзе эпідэмія. Не менш, чым каранавірус, усіх турбуе пытанне: што будзе налета, пасля таго як скончыцца тэрмін дзеяння ўказа №365 "Аб развіцці аграэкатурызму". Дапусцім, прымусяць усіх, хто корміць людзей, зарэгістравацца як ІП і будуць прад'яўляць тыя ж патрабаванні, як да ўстаноў грамадскага харчавання [ўказ дазваляе ўладальнікам аграсядзіб праводзіць банкеты, застаючыся суб'ектамі аграэкатурызму. — Еўрарадыё]. Гэта стане каласальным ударам па аграсядзібах, уплыў якога для нашага сектара будзе куды мацнейшы, чым уплыў каранавіруса".

Уладальнік аграсядзібы "Марцінова гусь" Алесь Белы / Holiday.by

Валожын не заменіць Хургаду

Бізнес Алеся Белага арыентаваны на групы турыстаў, у тым ліку з-за мяжы, якія прыязджалі ў сядзібу што-небудзь адсвяткаваць. Цяпер даводзіцца больш працаваць на перспектыву: эксперыментаваць з рэцэптамі, займацца садам і агародам. Аб'яднаўшыся з іншымі сядзібамі Валожынскага раёна, Алесь корміць гарачымі абедамі дактароў, якія працуюць з каранавіруснымі пацыентамі.

— Выжываем, дапамагаючы выжываць іншым, — кажа ён. — А наогул, думаю, што стала горш ва ўсіх. Тое, што людзі не паехалі за мяжу, не значыць, што хлыне паток турыстаў у аграсядзібы. Яны добрыя, але, калі хтосьці прывык адпачываць на моры, гэта не ўзаемазамяняльнае.

Дырэктар турыстычнай кампаніі "Віаполь" Галіна Патаева займаецца развіццём уязнога і ўнутранага турызму ўжо шмат гадоў. Прыцягнуць кліентаў з-за мяжы, калі ў краіне няма ні гор, ні мора, ні Луўра, цяжка. Яна кажа, што пасля таго, як каранавірус адыдзе, давядзецца ўсё пачынаць спачатку.

— Уязны турызм — гэта экспарт. Замежнікі прыязджаюць і ўкладваюць грошы ў эканоміку нашай краіны, — кажа яна. — Мы спадзяваліся, што дзяржава падставіць плячо, але бачым абсалютную незацікаўленасць.

Літаральна ўчора некалькі чалавек аплацілі паездкі на канец траўня і чэрвень. Спадзяёмся, што, калі ўсё супакоіцца, беларусы будуць ездзіць па сваёй краіне больш. Але што такое экскурсія? Экскурсавод, аўтобус, музей, рэстаран, дзе абедаем, стаянкі, сувеніры... А пакуль што нават некаторыя рэстараны закрыліся, на якія мы разлічвалі. Масты разбураюцца. Але з кожнага выпрабавання можна выйсці больш моцнымі.

Дырэктар турыстычнай кампаніі "Віаполь" Галіна Патаева / фота з асабістага архіва

Унутраная эміграцыя

У сярэдзіне красавіка міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў даў зразумець, што сёння ў прыярытэце павінна быць развіццё ўнутранага турызму. Але змяніць вектар беларускім турфірмам вельмі няпроста. Асабліва ў той час, калі гаворка ідзе не пра перанакіраванне рэсурсаў, а пра выжыванне.

Дразды / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

— На жаль, у Беларусі няма гатовага турыстычнага прадукту, — лічыць дырэктар кампаніі "Тайм Ваяж" Руслан Сегенюк. — Ёсць нейкія разрозненыя паслугі: нейкія добрыя музеі, хтосьці пабудаваў гасцініцу. Але што з гэтым рабіць — ніхто не ведае. Гэта доўгі працэс, але мы гатовыя ісці.

Дырэктар кампаніі "Тайм Ваяж" Руслан Сегенюк / t-v.by

Каб выратаваць турыстычную сферу, Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый прапаноўваў уладам увесці мараторый на адлічэнні ў ФСАН, знізіць базавую арэндную велічыню на 60%, даць арэндныя вакацыі і адтэрміноўкі. "Але ўказ №143 нас ніяк не закрануў. Наадварот, ён яшчэ больш усіх заблытаў, — канстатуе Аксана Бічун. — Там размытая фармулёўка: арэндадаўцы могуць знізіць арэнду, а тэрміны яе выплаты могуць адтэрмінаваць. Але гэта раўназначна таму, як паставіць коску ў фразе "пакараць смерцю нельга памілаваць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.