МНС не зафіксавала выкіду шкодных рэчываў падчас пажару на поўначы Мінска

МНС не зафіксавала выкіду шкодных рэчываў падчас пажару на поўначы Мінска

Каля 17:00 над раёнам станцыі метро "Маскоўская" ў Мінску ўзняўся густы слуп чорнага дыму. Яго было бачна аж з плошчы Перамогі, у сацсетках імгненна з'явілася некалькі здымкаў з розных кропак горада.

Як высветлілася, пажар пачаўся на тэрыторыі ААТ "БелВТІ", якое займаецца перапрацоўкай адкідаў рознага кшталту. У тым ліку — энергазберагальных лямпаў і адпрацаваных батарэек, якія могуць утрымліваць шкодныя рэчывы.

На тое, каб ліквідаваць пажар, выратавальнікам спатрэбілася крыху менш за гадзіну, распавёў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік МНС Віталь Навіцкі:

"Паведамленне аб узгаранні паступіла ў МНС у 16:45. Агонь заўважылі на адкрытай пляцоўцы па вуліцы Славінскага, 1. Там захоўваецца пластмаса і розныя вырабы з пластмасы. Побач працуе прадпрыемства па перапрацоўцы адкідаў. 

Пажар быў лакалізаваны ў 17:06. На яго поўную ліквідацыю спатрэбілася крыху менш за гадзіну. Пацярпелых няма.

Побач з месцам узгарання ў аператыўным рэжыме праводзіліся замеры ўтрымання ў паветры шкодных рэчываў. Перавышэння гранічна дапушчальных канцэнтрацыяў не выяўлена. Але афіцыйныя замеры будуць праводзіць спецыялісты з Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Прычыны пажара высвятляюцца".

МНС не зафіксавала выкіду шкодных рэчываў падчас пажару на поўначы Мінска
Фота: сацсеткі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі