"Мне не патрэбны быў гэты досвед": урыўкі з маналогу Віталя Шклярава

Віталь Шкляраў / Вікторыя Адысонава / "Новая газета"
Віталь Шкляраў / Вікторыя Адысонава / "Новая газета"

Віталь Шкляраў — паліттэхнолаг і былы палітвязень — напісаў маналог для "Новой газеты". Еўрарадыё прыводзіць вытрымкі з маналогу.

"29 ліпеня — роўна год таму мяне арыштавалі. Схапілі на вуліцы ў Гомелі, кінулі на падлогу мікрааўтобуса. Кудысьці доўга везлі моўчкі. Злаўчыўся ў апошні момант ціснуць паведамленне ў тэлеграм-канале, перш чым тэлефон адабралі, заадно і спаліўшы назаўжды сваю магчымасць званка маме. Адно слова: "Орестовали". Якраз так, з памылкай. Цяпер для мяне гэта ўжо не памылка друку, а вяха. Пераломны момант".

"Усё — абвалілася", — апісвае Шкляраў свой стан першых дзён у СІЗА. Ранейшае жыццё скончылася, а новае не можа пачацца, пакуль чалавек сядзіць.

"Сапраўднае жыццё, чалавечае жыццё — гэта ўпэўненасць у сваёй будучыні", — піша паліттэхнолаг. У турме чалавек страчвае базу, якая дазваляе яму быць самім сабой: легчы спаць у сваім ложку, а заўтра ўстаць і пачысціць зубы — і паўтараць гэта кожны дзень.

"У турме гэтага няма. Зусім. Увечары табе могуць не даць легчы спаць. Пры шмоне адбяруць зубную шчотку. У кожны момант могуць увайсці і загадаць: "На выхад!" А наперадзе — невядомасць. Куды цябе павядуць наступны раз? У лазню? Або ў пакой з мяккімі сценамі, дзе б'юць (і не толькі б'юць)? Ці нарэшце на допыт да следчага? І калі ён будзе, гэты наступны раз — праз хвіліну? Для некаторых — праз паўгода".

У турме слова "тэрор" набывае новы сэнс, лічыць Шкляраў. Гэта "пачуццё невядомасці, няўстойлівасці, няўпэўненасці. Страх, які разбурае ўсё".

"На жаль, для грамадзян што Расіі, што Беларусі ўжо зусім не абавязкова сядзець у турме, каб адчуць ціск тэрору. Кожны дзень новыя ператрусы, кожны дзень новыя арышты. На каго ўпадзе жэрабя заўтра? У чые дзверы пачнуць а 7-й раніцы біць нагамі? Гуляеш з дзіцем у парку, працуеш на летняй верандзе ў кавярні, глядзіш увечары кіно на канапе — дзе б ты ні быў, што б ты ні рабіў, цалкам гэта пачуццё не пакіне цябе. Як у Цоя. Жывеш, будуеш планы, але ўсведамляеш, што ўсё гэта можа абрынуцца ў адзін момант і назаўжды. І кожнае тваё імгненне атручанае гэтым страхам, нават калі ты самы адважны чалавек на зямлі".

"Тэрор" ненадоўга быў проста словам з кніг, а цяпер вярнуўся. Зноў з'явіліся нацыі, змучаныя страхам, піша паліттэхнолаг. Нацыі, траўмаваныя на цэлыя пакаленні:

"Адны не могуць вынесці ціску і знаходзяць выхад у самападмане. Іншыя адступаюць туды, дзе тэрор незаконны, — за межы роднай краіны. Трэція п'юць чару; многія — да дна. Думкі пра іх асабліва засмучаюць".

"Мне не нужен был этот опыт": отрывки из монолога Виталия Шклярова
Віталь Шкляраў / Вікторыя Адысонава / "Новая газета"

Калі няма падзей, самыя гучныя імёны забываюцца. Таму што для псіхікі адсутнасць навін азначае, што ўсё ў парадку, піша Шкляраў. Але гэта не так.

"І калі нават самыя гучныя справы сціраюцца ў памяці, хоць яшчэ і года не прайшло, што ўжо гаварыць пра "навіны аднаго дня"? Затрымалі праваабаронцу, журналіста, наогул выпадковага чалавека, не датычнага ні да чога? Мы забываемся пра гэта не на наступны дзень, а ў той жа дзень. Таму што праз дзве гадзіны затрымліваюць яшчэ кагосьці".

Але для тых, хто сядзіць у турме, кожны ліст з волі — гэта доказ жыцця.

"Так, ты не ведаеш, што будзе з табой праз пяць хвілін; не ведаеш, пакінуць табе кіпяцільнік або адбяруць; ты не ведаеш, ці будзеш жывы заўтра раніцай; але ёсць чалавек, які памятае пра цябе. І гэтага ў цябе не адбяруць".

Дыктатары жывуць з пастаянным пачуццём страху, упэўнены Шкляраў. І гэты ўласны страх яны транслююць вонкі, прымушаючы прайсці праз яго і мільёны людзей.

"Кожнае імгненне яны чакаюць, яны ведаюць, што ў любую з начэй хтосьці пракрадзецца ў спальню. Або бомба ў машыне, або ў гарэлцы атрута. Або застукаюць цяжкія крокі дзясяткаў ног, расчыняцца дзверы, увойдуць людзі з аўтаматамі, і ў іх вачах не будзе рабалепства, і іх не падманеш і не спалохаеш... Калі ёсць на свеце сапраўднае зло, то яно менавіта тут. Калі чалавек, які сам зведаў пакуты, боль, жах, свядома прымушае іншых, ні ў чым не вінаватых, адчуваць тое самае".

"Мне не нужен был этот опыт": отрывки из монолога Виталия Шклярова
Віталь Шкляраў / Вікторыя Адысонава / "Новая газета"

У Беларусі Віталя Шклярава абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. У СІЗА ён правёў тры месяцы. Быў на той самай сустрэчы Лукашэнкі з палітвязнямі. 19 кастрычніка паліттэхнолаг выйшаў на волю, хоць яго справа дагэтуль не закрытая. Ён жыве ва Украіне са сваёй сям'ёй.

Шкляраў піша, што за гэты год не стаў мацнейшы і мудрэйшы:

"Не. З'явіліся і раздражненне, і злосць. Мне не патрэбны быў гэты досвед. І нікому не патрэбны. Хіба што дыктатарам карысна будзе пабываць у тых турмах, якія яны пабудавалі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі