Вы тут

Мінздароўя: успышку COVID-19 у "Лясной паляне" выклікаў індыйскі штам

Па словах спецыялістаў, вірус завезлі дзеці.

Мінздароўя завяршае расследаванне ўспышкі COVID-19 у аздараўленчым цэнтры "Лясная паляна" пад Смаргонню.

Пра ўспышку каранавіруса стала вядома 12 жніўня. Паведамлялася, што хварэюць і дзеці, і дарослыя, але колькасць хворых не называлася.

Намеснік міністра аховы здароўя — галоўнага санітарнага лекара Аляксандр Тарасенка заявіў, што каранавірус "завезлі" дзеці. "Першыя выпадкі сталі рэгістравацца праз 7 дзён пасля заезду. Мы ведаем, што ўкладваецца ў інкубацыйны перыяд, таму такія выпадкі не выключаныя. Зарэгістраваныя выпадкі захворвання і сярод персаналу", — распавёў чыноўнік.

Ён дадаў, што матэрыялы аналізаў, узятыя ў хворых, знаходзяцца на расшыфроўцы. Падазраюць, што ўспышку выклікаў індыйскі штам.

Плануецца, што дзеці па заканчэнні перыяду ізаляцыі паўторна здадуць тэсты і будуць выязджаць з цэнтра арганізавана. Калі бацькі будуць забіраць дзяцей да заканчэння ізаляцыі, то ўвесь комплекс мерапрыемстваў будзе праведзены па месцы жыхарства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.