Вы тут

Мітрапаліт Веніямін: веруючыя не могуць быць абыякавымі да трывожных падзей

Мітрапаліт Веніямін / church.by

Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, звярнуўся да вернікаў з віншаваннем з нагоды Нараджэння Хрыстовага. Праваслаўныя беларусы адзначаюць гэтае свята заўтра, 7 студзеня.

У сваім віншаванні кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы згадаў падзеі 2020 года. 

"Ён быў вельмі няпросты для многіх людзей, народаў і дзяржаў, для чалавецтва ў цэлым. Пандэмія раней невядомай хваробы і звязаныя з ёй абмежаванні і пагрозы; напружанасць у шэрагу краін і рэгіёнаў свету; страта аднадумства і адзінства сярод Памесных Праваслаўных Цэркваў, нарэшце, падзел у нашым грамадстве, што ўзнік на палітычнай глебе, — усё гэта пазбаўляе людзей пачуцця бяспекі, стабільнасці і спакою, якое ўжо стала звыклым і штодзённым для нас. Многія адчуваюць разгубленасць і страх перад будучыняй, забываючы пра Айцоўскую любоў Божую да ўсіх нас і пра Яго спасіцельнае апекаванне", — гаворыцца ў віншаванні мітрапаліта.

Ён заклікае не тужыць, бо свет перажываў значна больш драматычныя і небяспечныя часы. Падзеі мінулага года, на думку кіраўніка БПЦ, сур'ёзная падстава задумацца пра нашае стаўленне да Бога і блізкіх. 

"Веруючыя людзі не могуць заставацца абыякавымі да трывожных падзей, што адбываюцца ў свеце, і перш за ўсё — у сваёй Айчыне. Але мы таксама не павінны забываць пра пакорнамудрасць і малітоўную развагу ва ўсякай справе і ўсякім слове. Будзем слухаць сваё сэрца і не дазваляць яму апускацца ў бездань перажыванняў і страсцей, каб не страціць каштоўны ўнутраны мір душы, які даруецца звыш тым, хто шукае волю Божую", — заяўляе мітрапаліт Веніямін.

Ён адзначае, што ў большасці выпадкаў чалавек не можа ўплываць на працэсы, якія ахапілі сённяшні свет. Таму заклікае: "Будзем рабіць тое добрае, што ў нашых сілах, а ў астатнім даверымся волі Божай".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.