Мішка Топа: Людзі прагаласавалі супраць дылетанцтва на беларускім ТБ

Мішка Топа: Людзі прагаласавалі супраць дылетанцтва на беларускім ТБ

Мішка Топа з дзіцячай "Калыханкі" стаў найлепшым беларускім тэлевядоўцам па меркаванні гледачоў. Такі вынік інтэрнэт-галасавання на сайце тэлеканала. За Топу, якога агучвае актор Уладзімір Варанкоў, прагаласавалі 38% удзельнікаў. Галасаванне пачалося 14 траўня і завяршылася а 12-й гадзіне 19 траўня. Асабліва актыўна за Топу агітавалі галасаваць карыстальнікі сацсетак. Нягледзячы на абмежаванні, накладзеныя арганізатарамі конкурса, персанаж Мішка Топа пагадзіўся пагаварыць з Еўрарадыё.

Мішка Топа: Людзі прагаласавалі супраць дылетанцтва на беларускім ТБ

Мядзведзік Топа стаў найлепшым беларускім тэлевядоўцам

На прыз глядацкіх сімпатыяў прэтэндавалі 22 вядоўцы з беларускіх тэлеканалаў. Найбліжэйшымі канкурэнтамі Топы сталі Вольга Бурлакова і Аляксандр Мяжэнны, якія вядуць праграму "Раніца. Студыя добрага настрою" — у іх амаль 30% галасоў.

Еўрарадыё: Спадар Топа, чаму менавіта вы перамаглі ў галасаванні, як вы думаеце?

Мішка Топа: Ведаеце, гэта, верагодна, было для эксперыменту. Яны ж нават імя артыста не прапісалі, так і пазначылі ― Мішка Топа. Відаць, сур'ёзнага значэння не надавалі. А калі пачалося галасаванне, людзі пачалі тэлефанаваць, то яны гаварылі, што галасавалі не столькі за мяне, колькі супраць непрафесіяналізму і дылетанцтва.

Еўрарадыё: Вы лічыце, што галасавалі не за вас, а супраць іншых?

Мішка Топа: Тэлебачанне запаланілі людзі, настолькі ад яго далёкія, што іх ніхто не ведае. Мішку Топу ведаюць, "Калыханку" ведаюць 35 гадоў. Мы прафесіяналы, нікога ніколі не падманвалі. Таму людзі аддавалі голас за тых, каго ведалі. А не за тыя прозвішчы і людзей, каго ім навязвалі... Нельга ж аддаваць галоўны прыз краіны тым, каго не бачыш і не ведаеш. Паміж сабой можна што хочаш дзяліць. Але калі запусцілі галасаванне для ўсёй краіны, то адразу ўсплыло імя аўтара... Магчыма, яны і не чакалі такога. Думалі, вось на сайце СТВ запусцяць, свае ціхенька прагаласуюць. А тут такі выбух.

Еўрарадыё: Цяпер Мішка Топа стаў яшчэ больш зорным. Магчыма, ён захоча паспрабаваць сябе ў якасці вядучага і на іншых перадачах?

Мішка Топа: Ну ў нас жа акрамя "Калыханкі" ёсць іншыя перадачы. 5 гадоў мы ўжо вядзем "Дабраранак". Мы цяпер дзяцей і будзім яшчэ, у школу, у садзік. А вечарам укладваем спаць. Ну і цяпер разглядаецца варыянт, каб па выходных днях на "Беларусь 3" былі дзённыя забаўляльныя праграмы для дзяцей. Дзяцей можна выхоўваць не толькі ў кампутарах, зараз успомнілі пра гэта. Мы і ў магілёўскім фестывалі "Анімаёўка" удзельнічаем. Едзем туды як персанажы, адкрываем яго. Дзеці чым далей ад сталіцы, тым больш любяць нас. Кладуцца спаць з намі і разам устаюць.

Еўрарадыё: А вы самі глядзіце тэлебачанне? Што любіце?

Мішка Топа: Ну вядома. Я ж тэлевізійны глядач. І вельмі добразычлівы. Ужо 30 гадоў працую... Я люблю глядзець перадачы. І ёсць любімыя. Пачынаючы са спартыўных і заканчваючы "Бітвамі экстрасэнсаў". Шмат знаёмых на тэлебачанні, просяць паглядзець іх перадачы. Я гляджу для цікаўнасці, для развіцця. Я не замыкаюся на нечым. Не гавару, што вось гэта гляджу, а вось гэта ― не. Глядзець трэба і добрае, і дрэннае. І калі ёсць магчымасць, то ствараць гэтае добрае.

Еўрарадыё: Спадар Топа, вы зараз ўжо зорка не толькі тэлебачання, але нават і інтэрнэту, сацыяльных сетак. Вас ведаюць усе. Магчыма, вы хацелі б запрасіць да сябе ў перадачу нейкую зорку? Цяпер вам ніхто не адмовіць.

Мішка Топа: Ведаеце, сёлета было 35 гадоў "Калыханцы" і 30 гадоў майго ўдзелу ў ёй. Гэта анансавалася. І мы хадзілі па нашых праграмах, і нам усе зоркі гаварылі, што ганарацца, што вось такі персанаж Мішка Топа да іх завітаў. У нас у "Добраранку" ёсць такі фармат, што да нас прыходзяць госці. І яшчэ не было такога, каб нехта адмовіўся. Усе прыходзяць з радасцю. І мадэлі, і ўсе іншыя. Мы ўжо прайшлі такі этап, калі нехта адварочваўся, гаварыў, што не, не пайду. Да нас цяпер усе з радасцю ідуць, можам любога чалавека паклікаць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі