Вы тут

Мінюст сказаў, за што адвакатаў пазбавілі ліцэнзій

Адвакат Андрэй Мачалаў / Еўрарадыё

Міністэрства юстыцыі апублікавала тлумачэнне, чаму некалькіх адвакатаў пазбавілі ліцэнзій. 

Гаворка ідзе пра Антона Гашынскага, Кацярыну Жаўтаногу, Андрэя Мачалава, Валерыя Звягінцава. Дзеянне іх ліцэнзій спыненае 21 ліпеня.

Гашынскага пакаралі "за сістэматычнае парушэнне патрабаванняў і ўмоваў ажыцьцяўлення адвакацкай дзейнасці". Пры гэтым не ўдакладняецца, што менавіта парушыў адвакат. 

Гашынскі абараняў многіх палітычных затрыманых — паліттэхнолага Віталя Шклярава, медыяменеджара Андрэя Аляксандрава, аўтара YouTube-канала "Слуцк для жыцця" Уладзіміра Няронскага, выкладчыцу БДУІР Вольгу Філатчанкаву, расіян Соф’ю Сапегу і Ягора Дуднікава, супрацоўнікаў ІТ-кампаніі PandaDoc ды іншых.

Кацярыну Жаўтаногу пазбавілі ліцэнзіі за тое, што яе выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў. У сваю чаргу, там яе абвінавацілі ў тым самым, што і Гашынскага. 

Таксама з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў былі выключаныя Мачалаў і Звягінцаў — "за здзяйсненне праступкаў, несумяшчальных са званнем адваката, пералік якіх устаноўлены Правіламі прафесійнай этыкі адваката (здзяйсненне дзеянняў, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру)".

Усе адвакаты ўдзельнічалі ў палітычных працэсах, абараняючы затрыманых пратэстоўцаў і журналістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.