Вы тут

Мінтранс ЗША плануе забараніць амерыканцам лётаць у Беларусь

Нацыянальны аэрапорт "Мінск" / Еўрарадыё

Мінтранс ЗША прапаноўвае забараніць амерыканцам лётаць у/праз Беларусь. Гэта вынікае з дакумента ведамства, апублікаванага 29 чэрвеня.

Згодна з пастановай, плануецца забарона продажаў авіябілетаў паміж ЗША і Беларуссю.

"... У інтарэсах знешняй палітыкі ЗША абмежаваць зносіны паміж ЗША і Беларуссю. Забарона павіна ўключаць магчымасць ўрада рабіць адзінкавыя выключэнні для паведамлення, звязанага з нацыянальнымі інтарэсамі, уключаючы гуманітарныя пытанні і пытанні нацыянальнай бяспекі", — гаворыцца ў дакуменце.

Канчатковае рашэнне можа быць прынята 1 ліпеня. 

Напярэдадні пра тое, што ЗША могуць прыняць рашэнне аб абмежаванні авіязносін з Беларуссю з-за сітуацыі з пасадкай борта Ryanair ў Мінску, напісаў Вloomberg.

"Хоць пасажырапаток паміж ЗША і Беларуссю абмежаваны, гэтая акцыя была б сімвалічным крокам, які сведчыць аб заклапочанасці ЗША з нагоды затрымання Рамана Пратасевіча, беларускага журналіста і крытыка Лукашэнкі", — піша выданне.

23 траўня ў Мінску вымушана сеў самалёт Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню. Беларускія авіядыспечары паведамілі пілотам пра бомбу на борце. Да нацыянальнага аэрапорта "Мінск" самалёт ірландскай авіякампаніі суправаджаў беларускі знішчальнік. У аэрапорце з рэйса быў зняты журналіст Раман Пратасевіч і яго дзяўчына Сафія Сапега. Абодва затрыманыя і абвінавачаныя па крымінальных артыкулах. Заходнія краіны назвалі інцыдэнт тэрарыстычным актам з боку беларускіх уладаў і забаранілі еўрапейскім авіяперавозчыкам лётаць праз паветраную прастору Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.