Вы тут

Мінскія ўлады зноў спрабуюць выселіць пратэстанцкую царкву "Новае жыццё"

Царква "Новае жыццё" / newlife.by

Мінскія ўлады зноў патрабуюць, каб суполка хрысціян поўнага Евангелля "Царква "Новае жыццё" пакінула будынак па вуліцы Кавалёва, 72. Адпаведнае прадпісанне вернікі атрымалі 14 снежня ад упраўлення прымусовага спагнання Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама. Пра гэта агенцтву БелаПАН распавёў адміністратар царквы Віталь Антончыкаў.

Чыноўнікі патрабуюць, каб царква выселілася з будынка да 31 снежня. У іншым разе ім пагражаюць прымусовым высяленнем 5 студзеня. 

"Гэта ўжо не першае прадпісанне. Заўсёды, калі мы атрымліваем такія лісты, мы ўзмоцнена молімся, каб Госпад абараніў нас. Будзем маліцца, спадзявацца, што Госпад не адвернецца ад нас і ў гэты раз", — кажа Антончыкаў. Па яго словах, кіраўніцтва царквы не адзін раз пісала і сустракалася з прадстаўнікамі сталічных уладаў, каб вырашыць пытанне з размяшчэннем у будынку па вуліцы Кавалёва. Але пакуль сітуацыя не змянілася.

16 студзеня 2019 года ў Мінску прайшло грамадскае абмеркаванне плана па забудове паўднёвай часткі мікрараёна Сухарава. Згодна з ім, на месцы малітоўнага дома "Новага жыцця" плануецца пабудаваць школу.

Мінгарвыканкам спрабуе выселіць царкву "Новае жыццё" ўжо з 2006 года. У цяперашнім будынку, які прыхаджане пабудавалі на свае сродкі, царква размяшчаецца з 1992 года. 

Хаця ўчастак быў вылучаны рэлігійнай суполцы ў бестэрміновае карыстанне, у 2005 годзе мінскія ўлады пазбавілі яе права карыстання зямлёй. У кастрычніку 2006-га вернікі правялі ў царкве пост-галадоўку, якая цягнулася каля месяца. У абарону царквы выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні. Пасля гэтага гарадскія ўлады пакінулі царкву ў спакоі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.