Мінскія ратавальнікі правядуць вучэнні па дзеянні пры радыяцыйных аварыях

Мінскія ратавальнікі правядуць вучэнні па дзеянні пры радыяцыйных аварыях

18-19 кастрычніка супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях правядуць камандна-штабное вучэнне па рэагаванні на радыяцыйныя аварыі, паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны".

Згодна з легендай, у кожным з раёнаў сталіцы "адбудуцца" радыяцыйныя аварыі. Заданні або "паведамленні ад пацярпелых" будуць паступаць з розных частак горада ў штаб кіравання ліквідацыяй надзвычайных сітуацый. Адтуль і будуць накіроўвацца на месца здарэння групы ратавальнікаў. 

Заданні будуць разнастайнымі. Напрыклад, паступіць паведамленне, што хтосьці знайшоў у смецці прадмет з надпісам "Радыеактыўна". Туды адправяцца супрацоўнікі МНС, якія правядуць неабходныя замеры і пры неабходнасці вывезуць небяспечны аб'ект. Або на Мінскай кальцавой аўтадарозе ў "аварыю" трапіць грузавік, які перавозіць крыніцу іянізуючага выпраменьвання. Пры "ДТЗ" багаж пашкоджаны, і патрабуецца хутка ліквідаваць уцечку радыяцыі.

Дакладныя месцы, дзе будуць праводзцца вучэнні, засакрэчаныя. На сёння вядомая толькі адна легенда: 19 кастрычніка адзін з работнікаў Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, перамяшчаючы кантэйнер з крыніцай іянізуючага выпраменьвання, пашкодзіць яго. Праз гэта работнік адчуе слабасць і страціць прытомнасць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі