Мінскія кавярні павінны за "свае" прышчапіць ад грыпу 40% персаналу. Што? Так!

Вакцынацыя ў абавязковым парадку. За ваш кошт / rg.ru
Вакцынацыя ў абавязковым парадку. За ваш кошт / rg.ru

Мінская кавярня атрымала ад раённай санстанцыі ліст "Аб мерах па зніжэнні страт па часовай непрацаздольнасці". У ім падрабязна расказваецца пра карысць прышчэпак ад грыпу. А далей адкрытым тэкстам гаворыцца пра неабходнасць за свой кошт вакцынаваць не менш за 40% работнікаў!

Фармулёўкі ў лісце адназначныя: "неабходна правесці вакцынацыю", "неабходна ў тэрмін да 10.07.2020 г. прадставіць... копію дамоў, заключаных з установамі аховы здароўя". Гэта наогул законна? А калі супрацоўнікі не хочуць прышчапляцца ад грыпу — што тады? Прымушаць?

 

Минские кафе должны за свой счёт привить от гриппа 40% персонала. Это законно?
Ліст ад санэпідэмстанцыі

— Да мяне ў арганізацыю прыйшоў ліст аб тым, што неабходна правесці вакцынацыю. Я патэлефанаваў у санстанцыю, пытаюся: калі мае работнікі не хочуць, мне іх усіх звольніць ці што? Калі яны адмовяцца, ці будзе за гэта ім нейкае пакаранне? — расказвае Еўрарадыё кіраўнік установы. — Яны мне адказваюць "увогуле, як быццам не". Мяне адказ "увогуле, як быццам не" не вельмі задавальняе. Мае работнікі напісалі заявы аб адмове ад праходжання вакцынацыі па меркаваннях асабістай бяспекі. Я ліст у санстанцыю адправіў, адказу пакуль што яшчэ не атрымаў.

Прапанова, ад якой немагчыма адмовіцца

У рашэнні Мінгарвыканкама №2525 "Аб мерах па зніжэнні страт па часовай непрацаздольнасці" знаходзім трохі іншую фармулёўку. Мінгарвыканкам вырашыў прапанаваць кіраўнікам арганізацый горада Мінска "праводзіць перадсезонную вакцынацыю супраць грыпу не менш як 40 адсоткаў тых, хто працуе, за кошт уласных сродкаў з прыцягненнем медыцынскіх работнікаў".

— Я чытаў гэта рашэнне, яно носіць рэкамендацыйны характар. Я разумею, што ім даслалі ліст "зверху": вось ліст, разашліце ўсім. Вось вы і я прачыталі пастанову, а які-небудзь маленькі іпэшнік заключыць дамову з установай і правядзе вакцынацыю супрацоўнікаў. Гэта, як заўсёды, працуе "на дурня": хто не чытае, той потым адказвае, хто чытае — той можа неяк лавіраваць, — працягвае рэстаратар.

Пра якія грошы ідзе гаворка?

У 3-й паліклініцы Мінска Еўрарадыё расказалі, што кошт сезонных вакцын супраць грыпу пакуль невядомы. Але па досведзе папярэдніх закупак можна сказаць, што іх цана будзе вар'іравацца ад 6 (расійская вакцына "Грыппол +") да 10-15 рублёў ("Інфлювак" з Нідэрландаў і французскі "Ваксігрып"). Далей кожны рэстаратар можа сам разлічыць затраты на вакцынацыю, якая ў гэтым сезоне раптам стала абавязковай.

Каментар юрыста

У законе "Аб ахове здароўя" ёсць артыкул 44 — "Згода на аказанне медыцынскай дапамогі". Згода на простае медыцынскае ўмяшанне даецца пацыентам вусна, а абавязковай умовай правядзення складанага медыцынскага ўмяшання ёсць наяўнасць папярэдняй пісьмовай згоды. Ці мог кіраўнік арганізацыі пры адмове ад вакцынацыі спаслацца на гэты артыкул? Мы ўзялі каментар у юрыста.

— Вакцынацыя і санстанцыя — гэта меры прафілактыкі. Людзі павінны на пэўных прафесіях і ў пэўным сектары паслуг, напрыклад у харчаванні, адпавядаць устаноўленым патрабаванням.

Меры прафілактыкі і выкананне рэкамендацый санстанцыі — гэта не пра аказанне медыцынскай дапамогі канкрэтнай асобе. Аднак у гэтым выпадку ліст гарвыканкама носіць рэкамендацыйны характар: вакцынацыя ад грыпу не абавязковая.

Спасылацца на гэты артыкул у якасці абароны можна. Але для суда гэта наўрад ці падыдзе, вас жа не прымушаюць да аперацыі. А ў асобных выпадках закон дапускае і прымусовае лячэнне, супраць волі чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі