Мінскія фрыкі выехалі на party пад Ракаў

Яшчэ да афіцыйнага пачатку пікніка да паркоўкі на беразе Іслачы было ўжо не падабрацца. Пакуль дзясяткі машын спрабавалі раз'ехацца на вузенькай лясной сцежцы, авантурысты, якія дабіраліся да Freaky Summer Party стопам ды прыгараднымі аўтобусамі, беглі праз лес, каб далучыцца да ўсеагульнага вар'яцтва. 


Назваць FSP фестывалем у поўным сэнсе гэтага слова язык не паварочваецца. На пікніку працавалі тры сцэны: галоўная, чылаўт і сумесная сцэна 34mag.net, Еўрарадыё і канцэртнага агенцтва BoPromo. Але жыццё канцэнтравалася не толькі і не столькі вакол музыкі. 

На вялікай паляне ў выгіне ракі працавала безліч майстар-класаў, намётаў з сувенірамі, ежай ды напоямі. Вакол іх да самай цемры і гулі фрыкі ўсіх памераў і колераў. Напрыклад, пад сцэнай з удзелам Еўрарадыё сябры клуба Ficag вучылі ўсіх ахвочых трапічным танцам.

А самай відовішчнай падзеяй Freaky Summer Party, безумоўна, стаў своеасаблівы “парад нявест”. Дзяўчатам - вось проста так - далі прымерыць шлюбныя сукенкі. Нявесты, на радасць сабе і людзям, былі паўсюль - нават на батутах скакалі!

Фатографы ды хіпстары мяняліся фотаздымкамі на фотасушцы, якую зладзілі акурат пасярод Іслачы. Аматары экстрэмальнага адпачынку вучыліся хадзіць на хадулях, спрабавалі сябе ў мастацтве слэк-лайну ды каталіся на бордах. 

А тыя, хто не спужаўся поўнага Месяца і застаўся на FSP да вечара, былі ўзнагароджаныя лясным “цюнінгам”. Адмысловую ілюмінацыю зладзілі на ўсіх сцэнах, мосціках, і нават проста развесілі па дрэвах у лесе. 

На наступную раніцу госці зноў танчылі, і з не меншым імпэтам! Не так часта атрымліваецца выбрацца з горада на Freaky Summer Party, каб дарма губляць час!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі