Мінскія амапаўцы падмянілі “хуткую” і завезлі жанчыну ў радзільню
Мінскаму АМАПу давялося пабываць у незвычайнай для сябе ролі: яны прыйшлі на дапамогу жанчыне, якую трэба было тэрмінова завезці ў радзільню. У нядзелю 15 лістапада ў жыхаркі пасёлка Праўдзінскі Пухавіцкага раёна Ганны Шэлег пачаліся схваткі. Яе муж Арцём і маці Алена Раманаўна вырашылі тэрмінова везці парадзіху ў радзільню Мінскай вобласці.
Каля дзясятай раніцы на 14-м кіламетры трасы Мінск-Магілёў аўтамабіль спыніла ДАІ, бо кіроўца парушаў хуткасны рэжым. Даведаўшыся, што ў машыне цяжарная жанчына, якая вось-вось народзіць, інспектары прапусцілі машыну, аднак аўтамабіль пасля гэтага спынення не завёўся.
У той момант на тым жа ўчастку дарогі дзяжурыў АМАП. Каб не губляць час, яны вырашылі адвезці жанчыну ў радзільню на службовым мікрааўтобусе.
У 11.40 у яе нарадзіўся здаровы хлопчык. Праз пяць дзён маці і дзіця былі выпісаныя. Цяпер яны дома і адчуваюць сябе добра, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Фота з архіву