Мінская міліцыя раптоўна прагаварылася, адкуль насамрэч тэлефонныя махляры
Тэлефонныя махляры
Даказваючы, што ўкраінцы — ворагі беларусаў, прапаганда часта згадвае пра злачынныя кол-цэнтры, размешчаныя ва Украіне. Маўляў, разумееце, што за махляры падманваюць нашых пенсіянераў! Але мінская міліцыя раптоўна прагаварылася, адкуль тыя махляры.
Расказваючы пра мінчука, якога зламыснікі пераканалі закласці аўтамабіль і адвезці грошы ў суседнюю краіну "для дэкларавання", міліцэйская прэс-служба піша: "Атрымаўшы за транспартны сродак 17 тысяч долараў, па ўказанні куратара ён таксама сустрэўся з мінчанкай сталага веку, забраў у яе пакет з наяўнымі грашыма і паехаў на цягніку за мяжу".
Цягнікі за мяжу цяпер ходзяць з Беларусі толькі ў адну краіну. І гэта зусім не Украіна. А таксама не Польшча, не Літва і не Латвія. Разумееце цяпер, што за махляры падманваюць нашых пенсіянераў?