Мінскае “Дынама” з-за фанатаў аштрафавалі на 82 тысячы долараў

Футбольны клуб “Дынама-Мінск” аштрафаваны на 7 тысяч базавых велічынь (каля 82 тысяч долараў). Такое рашэнне сёння прыняў Дысцыплінарны камітэт Федэрацыі футбола, які ўжо ў другі раз разглядаў інцыдэнт падчас матчу “Дынама” з “Віцебскам”. Тады фанаты мінскай каманды вывесілі банер з выявай намесніка Гітлера па нацысцкай партыі Рудольфа Геса. На плакаце было напісана: “Тваё жыццё для нас ― гэта вернасці прыклад”.

Як адзначыў у размове з Еўрарадыё прэс-сакратар Федэрацыі футбола Ўладзімір Несцяровіч, гэта самы буйны штраф за ўсю гісторыю беларускага футбола.

“Рашэнне засноўвалася на тым, што факт знаходжання дадзенага банера на стадыёне быў пацверджаны. Банер гэты расцанілі як прапаганду фашызму і фашысцкіх ідэолагаў”.

Па словах Несцяровіча, Дысцыплінарны камітэт таксама разглядаў магчымасць таго, каб некалькі матчаў “Дынама” прайшлі без заўзятараў, але ад гэтага вырашылі адмовіцца. Персонамі нон-грата стануць толькі тыя фанаты, якія прынеслі банер.

Штраф мінскае “Дынама” мусіць выплаціць цягам месяца, але клуб можа падаць апеляцыю.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі