Вы тут

"Мінск-Арэна" скандавала "Перамен!"

Віртуальны Віктар Цой на "Мінск-Арэне" / Скрыншот з відэа

17 чэрвеня ў беларускай сталіцы на "Мінск-Арэне" прайшоў жывы канцэрт гурта "Кіно": Ігар Ціхаміраў, Аляксандр Цітоў, Юрый Каспаран. Гучаў аблічбаваны голас легендарнага Віктара Цоя. "Перамен! Перамен!", — скандавалі прысутныя. "Дзякуй вялікі, што дачакаліся ў гэтыя няпростыя часы", — шматзначна прагучала са сцэны. І была выканана песня "Перамен!", якая летась стала папулярнай сярод пратэстоўцаў у нашай краіне.

У гэты момант адбыўся інцыдэнт з выкарыстаннем чырвона-зялёных сцягоў. Як перадае БелаПАН, спачатку дзяржаўны сцяг разгарнуў у фан-зоне адзін з гледачоў. Людзі вакол яго выказалі незадавальненне. Пасля чырвона-зялёныя сцягі разгарнулі трое чалавек справа ад сцэны. Ужо падчас выканання наступнай песні людзі пачалі выказваць незадавальненне гэтай сімволікай. Неўзабаве з'явіліся амапаўцы і затрымалі аднаго з тых, хто быў незадаволены прысутнасцю на канцэрце чырвона-зялёных сцягоў (мінская міліцыя заявіла, што пасля "прафілактычнай размовы" гледача адпусцілі). Таксама дзяржаўныя сцягі былі на відэакубе і на трыбунах арэны.

Бел-чырвона-белых сцягоў на канцэрце заўважана не было — за гэтым уважліва сачылі сілавікі.

Квіткі на канцэрт раздаваліся праз "ябацькаўскія" каналы ў тэлеграме. На яго можна было "зарэгістравацца"!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.