Міністр замежных спраў Славакіі груба вылаяўся на адрас прэм'ера Венгрыі
![Віктар Орбан / Reuters](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/Or.jpg.webp?itok=T0rbpA4B)
Віктар Орбан / Reuters
Міністр замежных спраў Славакіі Расціслаў Качар (на здымку знізу) груба вылаяўся на адрас прэм'ера Венгрыі Віктара Орбана. У Facebook ён змясціў вялікі пост, прысвечаны вайне ва Украіне і дапамозе, якую аказвае Кіеву вольны свет. І толькі адзін член ЕС — Венгрыя — "трызніць, што пастаўкі зброі падаўжаюць вайну". "Найбуйнейшым пастаўшчыком зброі ва Украіну з'яўляецца Расія", — напісаў славацкі міністр.
"На выходных іх карпацкі прарок гаварыў пра тое, што гэта не наша вайна, — працягвае ён. — Гэта "проста ваенны канфлікт паміж дзвюма славянскімі дзяржавамі". Трэба было пакінуць іх у спакоі, ізаляваць. Гэта значыць, хай расіяне хуценька пераб'юць украінцаў. Хай яны не хвалююцца. Як агідна. Як шкада. Як не па-хрысціянску. Святы Марцін Турскі (нарадзіўся ў цяперашняй Венгрыі) памёр бы ад сораму за такіх хрысціян".
Расціслаў Качар дадаў, што "для калабарацыяністаў Пуціна, і асабліва для нашых у Карпацкім басейне і высакагор'і, для ўсіх тых, хто хоча міру цаной знішчэння Украіны", у яго ёсць "толькі адно пасланне". Яго ён напісаў па-руску. Паслаў Орбана "курсам рускага ваеннага карабля".
![Міністр замежных спраў Славакіі груба вылаяўся на адрас прэм'ера Венгрыі](/sites/default/files/styles/default_image_paragraph/public/paragraphs/image/332457604_521280026813975_7735605063392922109_n.jpg.webp?itok=tS-WCFnx)
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.