Міністр замежных спраў Польшчы пра страйк супраць абортаў: Хай сабе бавяцца

Міністр замежных спраў Польшчы пра страйк супраць абортаў: Хай сабе бавяцца

3 кастрычніка ў розных гарадах Польшчы прайшоў жаночы страйк — "Чорны панядзелак". У гэты дзень жанчыны па ўсёй краіне не пайшлі на працу, а выйшлі на акцыі пратэсту.

Яны выступаюць супраць новага закона, які можа ўвесці поўную забарону на аборты і крымінальную адказнасць для маці і доктара, які зробіць аборт. У першым чытанні закон ухваліў польскі сейм.

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пасля страйку зрабіў скандальную заяву, назваўшы “чорны панядзелак” маргінальнай акцыяй. “Хай сабе бавяцца”, — сказаў кіраўнік МЗС Польшчы пра ўдзельніц пратэсту.

Польскія незалежныя СМІ шмат іранізуюць з гэтай нагоды. Gazeta.pl пад цытатай Вашчыкоўскага публікуе афіцыйныя зводкі паліцыі. Паводле іх, па краіне прайшло 143 маніфестацыі. Самыя маштабныя — у Вроцлаве (20 тысяч чалавек), Варшаве (17 тысяч чалавек) і Познані (8 тысяч чалавек). Агулам у маніфестацыях узялі ўдзел 98 тысяч чалавек. Ці сапраўды такую акцыю можна назваць маргінальнай? — задае выданне рытарычнае пытанне.

Праўладная партыя “Закон і справядлівасць” (PiS) вырашыла дыстанцыявацца ад словаў свайго міністра. Прэс-сакратар PiS Беата Мазурэк, каментуючы заяву Вашчыкоўскага, сказала, што яна не з'яўляецца пазіцыяй партыі, а толькі "суб'ектыўным меркаваннем" міністра.

“Я не падзяляю заяву міністра Вашчыкоўскага, гэта яго асабістае меркаванне. Мы разумеем, што ўчорашнія маршы былі важнымі і значнымі, што паказваюць праблему, якая з’явілася ў нашай краіне. Я не буду ацэньваць выказванне майго калегі па партыі, я думаю, што ў нейкі момант ён прыйдзе да нейкай высновы. Калі папросіць прабачэння, то папросіць, а калі не, то патлумачыць, чаму не збіраецца гэтага рабіць”, — перадае словы Беаты Мазурэк “Gazeta Wyborcza”.

Выданні, якія сімпатызуюць праўладнай партыі, страйк ці крытыкавалі, ці не рабілі з яго галоўную падзею дня. 

У далікатнасць не гуляў партал Niezależna.pl. Артыкул "Смерць супраць жыцця" абвяшчае: “Не будзь каровай, апраніся калярова!” — гэта адзін з лозунгаў супраць дзеянняў феміністак і палітыкаў, якія з'яўляюцца паслядоўнікамі забойства ненароджаных дзяцей. Сёння яны арганізавалі “чорны  панядзелак" і не збіраюцца працаваць. Адказ для іх — “белы пратэст”.

Белы пратэст — контрманіфестацыя прыхільнікаў поўнай забароны абортаў.

TVP Info паказваў сюжэты пра чорны пратэст, але заўсёды ў спалучэнні з інфармацыяй пра нешматлікіх удзельнікаў “белага пратэсту”. Яны заяўлялі, што “чорны панядзелак” нельга называць агульнанацыянальным страйкам, бо ёсць жанчыны, якія думаюць інакш.

Для выдання "Wiadomości" тэма пратэсту не стала самай галоўнай. Быў адзіны матэрыял пра натоўп дэманстрантаў на Замкавай плошчы ў Варшаве. Аднак там не было ніякай інфармацыі пра тое, як шмат людзей узяло ўдзел у акцыях пратэсту па ўсёй краіне. Другі матэрыял пад назвай "У абарону безабаронных" быў пра ўдзельнікаў "белага пратэсту". Як шмат людзей у ім удзельнічала, па словах рэпарцёра, "вы добра можаце пабачыць у інтэрнэце." На сайце "Я не збіраюся ўдзельнічаць у страйку жанчын" прагаласавала 11 тысяч чалавек.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі