Міністр: пасажыры ў аэрапорце не ведалі, што іх правяраюць цеплавізарам

Міністр: пасажыры ў аэрапорце не ведалі, што іх правяраюць цеплавізарам

25 сакавіка ў Белпрэсцэнтры міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў пра сітуацыю з распаўсюдам каранавіруса ў Беларусі. Як вядома, у нашай краіне зафіксавана 86 выпадкаў заражэння. З бальніц ужо выпісалі ці рыхтуюць да выпіскі 29 чалавек.  Каранік падкрэсліў, што Беларусь па колькасці тэстаў на  COVID-19 уваходзіць у першую дзясятку ў свеце. Іх праведзена каля 23 тысяч. Пад назіраннем знаходзяцца і ізаляваныя ў стацыянарных умовах больш за 1200 чалавек, якія кантактавалі з тымі, хто захварэў. Частку з іх пасля 14 дзён выпісваюць, частку назіраюць далей. Па словах міністра, у 41 чалавека тэст спрацаваў у працэсе назірання. І калі б іх не ізалявалі, то гэта дало б значную колькасць новых выпадкаў захворванняў.

Міністр лічыць, што ў нашай краіне ўдалося выбудаваць абарону, якая дазваляе адэкватна рэагаваць на сітуацыю. Па словах Караніка, кожная краіна выбіраю сваю стратэгію барацьбы з распаўсюдам каранавіруса, зыходзячы са сваіх магчымасцяў і рэсурсаў. Адзінае, чаго баяцца ў Міністэрстве аховы здароўя, вывучаючы вопыт суседзяў (найперш, Італіі) — хуткага распаўсюду каранавіруса ў бальніцах, сярод медперсаналу. Таму ад пачатку былі прынятыя пэўныя захады, каб гэтага не дапусціць.

Уладзімір Каранік распавёў, што ў Беларусі "шмат увагі надавалі вывучэнню досведа Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, Кітая, суседніх краін". Ён падкрэсліў, што нельга дапусціць перагрузку сістэмы аховы здароўя, каб колькасць пацыентаў не перавысіла яе магчымасці. Каранік кажа, што вельмі важна, што ў Беларусі захаваная санітарна-эпідэміялагічная служба.

Каранік згадаў, што некаторыя пасажыры, якія прыляталі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, абураліся, што іх не правяралі на наяўнасць павышанай тэмпературы. Насамрэч, у аэрапорце ёсць стацыянарны цеплавізар, які правозіць кантроль тэмпературы. "А людзі ўспрымаюць яго за відэакамеру", — адзначыў міністр. Дзякуючы гэтаму цеплавізару ўдалося выявіць 260 чалавек з прыкметамі віруснай інфекцыі. Але ў большасці гэта быў грып і падобныя захворванні. "Так што сістэма кантроля працуе", — сказаў Уладзімір Каранік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі