Міністр фінансаў: падатак на кватэры ўводзяць, каб людзі не з'язджалі з вёскі

Міністр фінансаў: падатак на кватэры ўводзяць, каб людзі не з'язджалі з вёскі

Падатак на кватэры дазволіць забяспечыць справядлівы падыход у падаткаабкладанні. З такой заявай выступіў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў у інтэрв'ю тэлеканалу АНТ. 

Ён патлумачыў, што рашэнне ўвесці падаткі на нерухомасць прымалася для таго, каб "зацікавіць людзей не з'язджаць з сельскай мясцовасці і жыць у сваім жытле".

У якасці прыкладу ён прывёў двух настаўнікаў, якія жывуць у райцэнтры: "Адзін з іх — у шматкватэрным доме. Другі жыве ў прыватным доме і плаціць падатак за зямлю прапарцыйна таму ўчастку, які займае яго домаўладанне. Можа, яно і не вельмі вялікае, але сотак 10, напэўна, займае. Плюс дом, які там на ім стаіць. Ён плаціць падатак за зямлю, плаціць падатак за нерухомасць, ды яшчэ яму трэба яго страхаваць ў абавязковым парадку". 

А ў шматкватэрным доме, маўляў, падатак на зямлю будзе мінімальны, бо такі дом можа займаць плошчу, на якой стаіць адзін прыватны дом. "І там не трэба плаціць падатак на нерухомасць, гэта льгота. Вось тут мы забяспечым разумны справядлівы падыход", — сказаў міністр.

Чыноўнік дадаў, што яны не разглядалі варыянт адмяніць падатак на нерухомасць для ўладальнікаў прыватных дамоў, каб забяспечыць справядлівы падыход. Гэта, па яго словах, кепска для бюджэту. "І ў свеце асноўныя даходы дзяржава атрымлівае з маёмасці, якой валодаюць. Даражэй маёмасць — больш плаціш. Больш маёмасці — адпаведна, гэтак жа", — дадаў Селіверстаў.

Новы падатак можа з'явіцца з 2022 года. Чыноўнікі плануюць спаганяць падатак за першую кватэру (цяпер плацяць за другую і далейшыя). Паведамлялася, што ў Мінску гэты падатак будзе ў сярэднім 50 рублёў у год, у рэгіёнах — каля 25 рублёў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі