Міністр эканомікі Францыі: такога не было з часу Другой сусветнай вайны

Міністр эканомікі Францыі: такога не было з часу Другой сусветнай вайны

"Бі-Бі-Сі" сабрала аператыўную інфармацыю з сітуацыяй распаўсюду каранавіруса ў свеце. У той час, калі Італія і Іспанія паведамляюць пра далейшае зніжэнне колькасці заражаных COVID-19, Швецыя заклапочаная рэзкім павелічэннем колькасці беспрацоўных, а Францыя — эканамічным крызісам.

У Іспаніі найбольшая колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння ў Еўропе (больш за 135 тысяч), аднак чацвёрты дзень запар колькасць смяротных выпадкаў зніжаецца: у нядзелю было 674, у панядзелак — 637, а 2 красавіка было 950. Зніжаецца і колькасць заражаных. Улады лічаць, што гэта сведчанне эфектыўнасці каранцінных мер.

Падобная тэндэнцыя назіраецца і ў Італіі, у краіне, у якой зафіксавана найбольш смерцяў ад каранавіруса (15,8 тысячы). Але прэм'ер-міністр Джузэпэ Контэ пакуль не робіць ніякіх прагнозаў наконт таго, калі могуць быць знятыя абмежавальныя меры для італьянцаў.

У Паўднёвай Карэі ўпершыню з лютага 2020-га зафіксавалі менш за 50 выпадкаў заражэння каранавірусам (у нядзелю зафіксавалі 81 выпадак). У гэтай краіне актыўна тэстуюць насельніцтва, адсочваюцца ўсе кантакты заражаных.

У Кітаі павялічылася колькасць выпадкаў заражэння COVID-19, якія не выклікаюць сімптомаў: у суботу — 47, у нядзелю — 78. Амаль палова выпадкаў — у правінцыі Хубэй.

Швецыя не ўстанаўлівае жорсткіх абмежавальных мер, нягледзячы на чатыры сотні памерлых і амаль 7 тысяч заражаных. Тым не менш, многія працадаўцы перавялі сваіх супрацоўнікаў на працу здому ці ўвогуле прыпынілі бізнес. За апошні тыдзень у краіне зарэгістравалі 25 тысяч новых беспрацоўных. Такога не было нават падчас фінансавага крызісу 2008 года.

Міністр эканомікі Францыі Бруно ле Мэр заявіў, што яго краіна знаходзіцца на мяжы наймацнейшага эканамічнага спаду, якога не было з часу Другой сусветнай вайны. Ранейшыя прагнозы змяніліся, чакаецца, што крызіс будзе яшчэ больш цяжкі. Але ўсё будзе залежыць ад таго, як хутка і якой цаной удасца перамагчы каранавірус.

У свеце каранавіруснай інфекцыяй COVID-19 заражаныя 1,2 млн чалавек, памерлі 70,5 тысячы. У Беларусі колькасць заражаных дасягнула 700 чалавек, памерлі 13.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі