Вы тут

Сквер — гэта вам не фантан: Мінгарвыканкам не дазволіў мітынг “Маці 328”

Кіеўскі сквер / rastishka.by

Мінгарвыканкам адхіліў заяўку ад “Матчынага руху 328” на правядзенне ў Кіеўскім скверы мітынгу за дэкрыміналізацыю і рэформу "антынаркатычнага" артыкула 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Прадстаўнікі руху 18 траўня збіраліся патрабаваць на мітынгу амністыі для зняволеных і заканадаўчага размежавання адказнасці па “антынаркатычным” артыкуле. Актывісты падалі адпаведнае апавяшчэнне ў Мінгарвыканкам.

Гарадскія ўлады не дазволілі мерапрыемства, матывуючы гэта тым, што ў заяўцы няправільна ўказана месца правядзення мітынгу.

“Нам патэлефанавалі з Мінгарвыканкама і сказалі, што няправільна аформленая заяўка. Мы напісалі, што хочам правесці мітынг у Кіеўскім скверы, а трэба было так, як на сайце Мінгарвыканкама напісана: на "пляцоўцы каля фантана, размешчанага ў Кіеўскім скверы". Мы падалі шэсць новых заявак. І дадалі, што "каля фантана". Чакаем, калі прыйдзе афіцыйны адказ”, — распавяла Еўрарадыё Алена Кузьміна, прадстаўніца “Матчынага руху 328”.

У Мінгарвыканкаме не змаглі аператыўна пракаментаваць гэты бюракратычны кур’ёз.