Мінгарсуд задаволіў скаргу студэнта, адлічанага з Акадэміі кіравання

Мінскі гарадскі суд 6 жніўня задаволіў скаргу Юрыя Алейніка, якога адлічылі з чацвёртага курса Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, і накіраваў справу на новы разгляд. Пастанова суда Кастрычніцкага раёна сталіцы ад 5 ліпеня па справе былога студэнта адмененая. Нагадаем, малады чалавек лічыць, што яго выключылі з ВНУ за актыўную грамадскую дзейнасць: ён з'яўляецца членам грамадскай арганізацыі "Таварыства беларускай мовы" і супрацоўнічае з Беларускай асацыяцыяй журналістаў. У сакавіку-красавіку Ю.Алейнік арганізоўваў збор подпісаў супраць адмены студэнцкіх ільготаў студэнтаў. У загадзе аб адлічэнні ў якасці прычын названы "сістэматычныя парушэнні вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку".

4 чэрвеня адлічаны Ю.Алейнік звярнуўся ў суд Кастрычніцкага раёна. 5 ліпеня суд прызнаў справу аб выключэнні Ю.Алейніка з ВНУ непадведамаснай з матывіроўкай: "Академія кіравання пры прэзідэнце падсправаздачная прэзідэнту". 12 ліпеня малады чалавек падаў касацыйную скаргу на рашэнне суда Кастрычніцкага раёна ў Мінскі гарадскі суд.

Пакуль рашэнне аб аднаўленні ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце не будзе прынята, студэнт мае намер працягваць адукацыю завочна ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільнюс) або ў адным з ВНУ Расіі. У той жа час Ю.Алейнік разлічвае на задавальненне скаргі: "Я збіраюся здаць усе экзамены за чацвёрты курс і скончыць Акадэмію кіравання пры прэзідэнце, незалежна ад таго, колькі часу мне для гэтага спатрэбіцца", – заявіў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі