Вы тут

Мінэканомікі спадзяецца на рост ВУП — на паўпрацэнта ўжо ў першым квартале

Міністэрства эканомікі Беларусі / TUT.BY​

Мінэканомікі разлічвае на рост ВУП у першым квартале на 0,3-0,5%, паведамляе агенцтва БЕЛТА са спасылкай на міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова.

Паводле яго слоў, "праблемы 2020 года перайшлі і ў новы, таму ў студзені сфера паслуг дала адмоўны вынік". Тым не менш у цэлым па эканоміцы, "паводле нашых ацэнак, у першым квартале мы будзем мець прырост парадку 0,3-0,5%".

За мінулы год, нягледзячы на праблемы, беларуская эканоміка прырасла больш чым на 1%, сцвярджае Чарвякоў. Сітуацыю, паводле яго слоў, ратавала прамысловасць, у першую чаргу нафтавая, а таксама вытворчасць калійных угнаенняў і дрэваапрацоўка. Акрамя таго, "дала станоўчы вынік і IT-сфера", адзначыў міністр.

Пакуль адкрытым застаецца пытанне, ці зможа IT-сфера даваць такі ж "станоўчы эфект" і ў далейшым. На фоне палітычнага крызісу, які суправаджаўся адключэннем інтэрнэту ў мінулым годзе, шэраг IT-кампаній задумаўся аб рэлакейце з Беларусі. Акрамя таго, для работнікаў IT-кампаній ПВТ з 1 студзеня 2021 года скасавалі льготныя падаткі, спаслаўшыся на барацьбу з каранавірусам.

Характэрным таксама выглядае паведамленне міністра эканомікі Чарвякова пра рост ВУП за год больш чым на 1% (хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб параўнанні аб'ёмаў студзеня 2021 са студзенем 2020 года, калі было істотнае падзенне ВУП). Таму што ў цэлым па выніках 2020 года беларуская эканоміка страціла. Гэта казаў і Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву холдынгу "Гарызонт". Паводле яго слоў, ВУП Беларусі па выніках года знізіўся на 0,5% і "чакаецца на ўзроўні 99,5% да паказчыкаў 2019-га".

Аб падзенні ВУП даваў справаздачу і Белстат. Ведамства паведамляла, што па выніках 2020 года валавы ўнутраны прадукт упаў на 0,9%. Пры гэтым аб'ём прамысловай вытворчасці скараціўся за год на 0,7%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.