Вы тут

Ці гатовыя ўлады ахвяраваць праектам "Айці-краіна"?

Кірыл Валошын

Мінск уяўляўся айці-кампаніям прывабным ціхім горадам з чыстымі вуліцамі і падатковымі льготамі. Але пасля падзей жніўня 2020 года кантэкставая рэклама з прапановамі пра рэлакацыю ў Латвію змагаецца з аналагічнай украінскай і казахстанскай.

IT-кампаніі вымушаныя ісці насустрач супрацоўнікам, якія два месяцы адрываюцца ад працы на крыху нязвыклыя рэчы — маршы выхаднога дня і іх магчымыя наступствы: ад маніторынгу імёнаў сяброў у спісах затрыманых і збору перадач да двухтыднёвага знаходжання ў Жодзіне і Баранавічах — гарадах-спадарожніках беларускага пратэсту.

Частка кампаній узялася перавозіць супрацоўнікаў за мяжу. Некаторыя распрацоўшчыкі самі з'ехалі. Пра тое, ці працягнецца адток айці-спецыялістаў з Беларусі, ці заўважаць гэта не занятыя ў IT-бізнесе беларусы і ці гатовая дзяржава развітацца з праектам "Айці-краіна", калі пратэсты давядзецца душыць яшчэ доўга, Еўрарадыё паразмаўляла з сузаснавальнікам TUT.BY/Hoster.by і ўладальнікам узнагароды "Ментар года 2019" Кірылам Валошыным.

Кірыл Валошын / Igrow.by

"Не задавальняецца базавая патрэба ў бяспецы"

"З пункту гледжання ўладальнікаў кампаній Беларусь дзякуючы ПВТ па-ранейшаму з'яўляецца цікавай падатковай "гаванню". Але з настроем супрацоўнікаў адбываюцца зразумелыя змены. Не задавальняецца базавая патрэба ў бяспецы, стабільнасці, свабода выказвання меркаванняў моцна абмежаваная, — мяркуе Валошын. — Мінск быў прыемным, ціхім, не асабліва замучаным заторамі горадам з недарагім жыллём, ежай і камуналкай. Пасля выбараў многае, шчыра скажам, успрымаецца інакш".

Украіна, Літва, Латвія, Польшча, нават Казахстан — усе яны робяць актыўныя дзеянні па прыцягненні беларускіх айцішнікаў, кажа Валошын. Прапануюцца льготы, спрошчаныя працэсы атрымання віз, паскораны ВНЖ, гранты на інавацыі і г. д. Прычым самыя цікавыя прапановы, на яго погляд, зрабілі менавіта ўкраінцы. Цяпер у планах іх Міністэрства лічбавай трансфармацыі — стварэнне Diia City, тэхналагічнага хаба для айцішнікаў з усяго свету, дзе падатковая нагрузка ў кампаній будзе яшчэ меншая, чым у беларускім ПВТ.

"Тая самая Украіна з задавальненнем — нават у час нядаўняга закрыцця межаў — упускае да сябе айці-спецыялістаў. А Зяленскі падпісвае ўказы аб мерах па прыцягненні прадпрымальнікаў і талентаў канкрэтна з Беларусі. Актыўна развіваюць падыход і досвед ПВТ. Усё правільна робяць", — адзначае Валошын.

Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра ўказ украінскага прэзідэнта ад 4 кастрычніка, згодна з якім Кабінет міністраў падоўжыць да 180 дзён у год тэрмін часовага знаходжання на тэрыторыі Украіны грамадзян Беларусі. Там гаворыцца не толькі пра спецыялістаў айці-сектара, але таксама пра прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў, "іміграцыя якіх адпавядае інтарэсам Украіны".

Канкурэнцыя за беларускіх айці-спецыялістаў будзе толькі абвастрацца, лічыць Валошын: "Калі вы зазірняце ў літоўскі або польскі візавы цэнтр, убачыце там аншлаг: сотні людзей падаюцца на нацыянальную візу D. Нягледзячы на складанасці і каранцін. Нягледзячы на нажытыя дома даброты і антыканстытуцыйную забарону Лукашэнкі на вяртанне. Сярод гэтых людзей і айцішнікі, і студэнты, і дактары, і прадпрымальнікі, якія з'язджаюць па меркаваннях бяспекі. Павольна, але пэўна адбываецца ўцечка мазгоў. Так, канкурэнцыя за іх абвастраецца. Угаварыць чалавека на добры заробак у чужой свабоднай дэмакратычнай краіне, хай нават з забаронай на аборты, цяпер значна прасцей, чым у часы беларускай стабільнасці".
 

"Апынуцца далей ад гэтага трэшу"

Што з'явілася раней — жаданне супрацоўніка айці-кампаніі з'ехаць з Беларусі ці хваляванне кампаніі за кадры?

"Гэта дарога з двухбаковым рухам. З аднаго боку — людзі, якія не адчуваюць сябе ў бяспецы і калі не выходзяць на вуліцу, то актыўна чытаюць "Тэлеграм". Ці не чытаюць, калі адключаецца інтэрнэт. Перажываюць за сваіх родных, сяброў, калег. Абмяркоўваюць навіны, носяць камусьці перадачы або збіраюць грошы на адваката. Часам самі аказваюцца ў судзе або турме. А з другога боку — кампаніі, якія відавочна губляюць праз гэта ў эфектыўнасці. А некаторыя — як PandaDoc — непасрэдна пакутуюць ад дзеянняў сілавікоў. Многія хочуць апынуцца далей ад гэтага трэшу", — разважае Валошын.

Кірыл Валошын / Стартап-школа Віцебск

Кампаніі зацікаўлены ў тым, каб супрацоўнікі заставаліся на волі, адпачывалі на выхадных, былі задаволеныя жыццём і паглыбляліся ў працу, а не ў дэпрэсію праз допісы пра тое, каго арыштавалі або збілі.

Валошын лічыць, што айці-асяроддзе да падзей жніўня-2020 было, хутчэй, апалітычнае. Грамадзянская салідарнасць, ініцыятывы ўзаемадапамогі, палітычная актыўнасць айцішнікаў, якія заўсёды добра зараблялі, сталі сюрпрызам.

"З іншага боку, складана гаварыць пра палітычную пазіцыю якіх-небудзь слаёў, калі, па сутнасці, з 2010 года асаблівай палітычнай актыўнасці ў краіне не было ў прынцыпе".
 

Выхад айцішнікаў ударыць па бюджэце?

У 2019 годзе экспарт паслуг Парка высокіх тэхналогій перавысіў адзнаку $2 млрд. У красавіку 2019 года было апублікавана даследаванне, згодна з якім падатковыя выплаты работніка айці-сферы — падаходны падатак, а таксама ПДВ і акцызы, што выплачваюцца са спажывання, — перавышаюць падатковыя выплаты "сярэдняга" беларускага работніка амаль у пяць разоў.

З іншага боку, у 2018 годзе сумарныя падатковыя плацяжы кампаній-рэзідэнтаў ПВТ і іх супрацоўнікаў склалі прыкладна $280 млн. "Пры, груба, 11-12 мільярдах долараў збіраных па краіне падаткаў, — працягвае Кірыл Валошын. — Нават калі страціць іх усё — будзе вельмі крыўдна, але не смяротна. Уплыў ІКТ на рост ВУП уяўляецца больш важным".

Публічны выхад беларускіх кампаній з ПВТ праз палітычны крызіс пачаўся з PandaDoc. Ці заўважаць беларусы магчымы выхад айцішнікаў, калі ён стане масавым?

"ІКТ-сектар даваў да 0,7% прыросту ВУП. Сёлета экспарт паслуг пакуль расце, але пачаў прыкметна запавольвацца, і доля прыросту ВУП, якую забяспечвала "айцішка", таксама пачала змяншацца. У жніўні здарыўся антырэкорд — зафіксаваны мінімальны аб'ём экспарту за год. Малаімаверна, што ўсё абрынецца раптоўна, але сектар будзе, як любяць гаварыць па тэлевізары, паступова "здзімацца", людзі будуць пераязджаць, упадзе падатковая выручка".
 

Кампанія лепшая за дзяржаву?

Айці-кампаніі былі аднымі з першых, хто адрэагаваў на пандэмію каранавіруса і павёў супрацоўнікаў на аддаленую працу. Буйныя айці-кампаніі паводзяць сябе як ідэальная дзяржава — клапатлівая, сацыяльна адказная. Як рэальнай дзяржаве быць настолькі эфектыўнай?

"Выбачайце за цынізм і спрашчэнне, але для кампаніі супрацоўнік — крыніца прыбытку. Чым вышэйшая кваліфікацыя персаналу, тым большай аддачы прынята чакаць. Такі падыход азначае, што каштоўны супрацоўнік з'яўляецца каштоўным жа актывам. Яго спакойнае жыццё, задаволенасць умовамі працы, здароўе і іншае важныя з пункту гледжання эфектыўнасці, прадукцыйнасці і памяншаюць выдаткі на наём і навучанне персаналу. Аналагічна — асновай сучаснага эканамічнага росту краін з'яўляецца чалавечы капітал. Шмат у чым таму стратэгіі ізаляцыі і аказання дапамогі грамадзянам і прадпрыемствам у час эпідэміі COVID-19 у развітых краінах так адрозніваюцца ад беларускіх рэалій. Проста ў разлік прымаецца Life Time Value — каштоўнасць, якую прыносіць грамадзянін краіне за час свайго жыцця", — тлумачыць Валошын.

Расійскі эканаміст Сяргей Гурыеў падлічыў, што ў 2020 годзе кошт жыцця сярэдняга амерыканца, які працуе, складае $14,5 млн.

"Гэта раз у трыццаць больш за ацэнку кошту жыцця расіяніна. І ў 100, а можа, у 1000 разоў больш, чым ацэньваецца жыццё грамадзяніна Беларусі. Замест спачуванняў у нас — "памёр, таму што быў тоўсты, курыў ці на працу хадзіў", — дадае Валошын.

Ён упэўнены, што ўлады Беларусі не ацэньваюць сваіх грамадзян як каштоўны актыў: "Нам увесь час тыкаюць у твар — дзяржава народцу тое, дзяржава для вас сёе. Хоць і бясплатная медыцына, і адукацыя, і нават МУС аплачаны з кішэняў падаткаплацельшчыкаў — нас з вамі і прадпрыемстваў".

Парк высокіх тэхналогій / myfin.by

Ці многія гатовыя рэлакавацца і рэлакаваць?

У верасні пра жаданне застацца ў Беларусі заяўлялі 54% апытаных dev.by айцішнікаў. З агаворкай, што гатовыя з'ехаць, калі сітуацыя пагоршыцца. 33% ужо планавалі ад'езд, вырашыўшы не чакаць развіцця сітуацыі. З іх больш за палову — 24% — збіраліся з'ехаць на ПМЖ, а 9% згаджаліся на працяглую камандзіроўку.

Толькі 5% апытаных не бачылі неабходнасці ў ад'ездзе, яшчэ ў 4% не было магчымасці з'ехаць. А 2% апытаных у верасні ўжо знаходзіліся за мяжой.

Пры гэтым больш за 30% беларускіх айцішнікаў заяўлялі, што іх кампаніі гатовыя перавезці сваіх супрацоўнікаў за мяжу — поўнасцю або часткова. Сярод самых папулярных варыянтаў для рэлакейту была Украіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.