У Беларусі плануюць распрацаваць уласную аперацыйную сістэму і браўзэр
![Кампутар, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/dog-job_1_08.jpg.webp?itok=N_cS6B6J)
Кампутар, ілюстрацыйнае фота
У Беларусі плануюць распрацаваць айчынную аперацыйную сістэму, браўзэр і офісны пакет. Пра гэта заявіў міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган. Яго ведамства атрымала такое заданне ад Саўміна.
Па словах міністра, стварэнне "айчынных аперацыйнай сістэмы, сістэмы забеспячэння асяроддзя віртуалізацыі, комплексу офісных праграм і вэб-браўзэра – выступаюць важнай задачай для забеспячэння стабільнай працы ўсіх уцягнутых у эканоміку арганізацый і якаснага жыцця для нашых грамадзян". Шульган прызнаў, што гэта няпростая задача, але ў Беларусі распрацаваны план дзеянняў па стварэнні "лічбавага суверэнітэту". І яго трэба выконваць.
"Наяўнасць уласнага сістэмнага праграмнага забеспячэння дазваляе быць незалежнымі ад імпартных рашэнняў і ўпэўненымі ў магчымасці яго самастойнага развіцця (мадыфікацыі) пад патрэбы нашай эканомікі", — заявіў міністр.
Нагадаем, пасля падаўлення пратэстаў 2020 года і пачатку вайны супраць Украіны, якую падтрымаў Аляксандр Лукашэнка, Беларусь страціла вялікую частку IT-спецыялістаў. Кампаніі згортвалі сваю працу ў Беларусі, асобныя спецыялісты рэлакаваліся з краіны самі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.