Мінчуку далі два гады "хатняй хіміі" за абразу памерлага міліцыянта

Мінчуку далі два гады "хатняй хіміі" за абразу памерлага міліцыянта

Суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў мінчука Паўла Анісімава вінаватым у абразе прадстаўніка улады (арт. 369 КК) і пакараў яго двума гадамі "хатняй хіміі", паведамляюць праваабаронцы.

3 лютага 2021 года Анісімаў пакінуў каментар у тэлеграм-канале Еўрарадыё пад допісам пра смерць намесніка начальніка штаба УУС па Магілёўскай вобласці Аляксандра Петрусевіча наступнага зместу: "Сдохла падла, пусть вечно его жарят черти у Аида". 

Суд палічыў, што Анісімаў абразіў прадстаўніка ўлады і тым самым здзейсніў крымінальнае злачынства. Пацярпелым па справе быў прызнаны сын памерлага міліцыянта, супрацоўнік ГУУС Мінгарвыканкама Андрэй Петрусевіч.

Анісімаў пацвердзіў, што каментар пакінуў ён, але віну не прызнаў.

Па меркаванні Анісімава, арт. 369 КК не можа прымяняцца, бо ён гучыць як "абраза прадстаўніка ўлады пры выкананні службовых абавязкаў".

"Я не магу зразумець, як чалавек выконваў абавязкі, будучы мёртвым", — сказаў мужчына ў часе судовага паседжання.

У сваім апошнім слове на судзе, якое было прамоўлена па-беларуску, Анісімаў выказаў шкадаванне, што напісаў абразлівы каментар.

"Але я шкадую таму, што гэтая абраза — яна прыніжае мой гонар на ўзроўні тых, хто, займаючы вышэйшыя пасады, размаўляюць паміж сабой абразамі, бруднымі словамі, а таксама абражаюць нават сваіх калег", — удакладніў абвінавачаны.

Акрамя прысуду ў выглядзе двух гадоў "хатняй хіміі", суд задаволіў пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды. Анісімаў мусіць сплаціць сыну памерлага міліцыянта адну тысячу рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі