Мінчук заяўляе пра катаванні ў міліцыі

Мінчук заяўляе пра катаванні ў міліцыі

Да праваабаронцаў "Вясны" звярнуўся мінчук Павел Кірлік. Па словах маладога чалавека, яго двое сутак збівалі і катавалі ў ГАМ №1 Маскоўскага раёна Мінска.

Кірлік працуе майстрам па татуіроўцы і перманентным макіяжы ў адным з мінскіх салонаў. Днём 12 красавіка да яго на працу прыйшлі два супрацоўнікі ў у цывільным і прапанавалі праехаць у аддзяленне. Прычын затрымання Паўлу не паведамілі.

Яшчэ 25 сакавіка маладога чалавека схапіў АМАП недалёка ад станцыі метро "Акадэмія навук", дзе планавалася апазіцыйная акцыя. Праўда, увечары ў той дзень яго адпусцілі з РУУС. 

Сваё затрыманне 12 красавіка Кірлік звязваў менавіта з гэтай акцыяй. Але пазней стала вядома, што ў адной з супрацоўніц салона знікла 50 еўра. Паўла сталі падазраваць у крадзяжы, бо ён вырас у дзіцячым доме і раней быў судзімы.

У ГАМ №1 на маладому чалавеку сталі пагражаць, абзываць, прапаноўваць прызнацца і ўзяць на сябе віну. ПА словах Кірліка, адзін з супрацоўнікаў зачыніўся з ім у кабінеце і стаў яго збіваць, у тым ліку біў па галаве. "Удары сыпаліся адзін за адным, пакуль я сядзеў на крэсле. Затым мяне паклалі на падлогу ў ластаўку, на руках і нагах зашчапілі кайданкі. Пры гэтым міліцыянт зрабіў гэта так, каб кайданкі траплялі менавіта на голае цела. Правую руку вельмі моцна заціснуў, левую яшчэ больш-менш, пасля чаго супрацоўнікі пакінулі мяне ў такім стане недзе на гадзіну", — распавёў Кірлік.

Паўлу прапанавалі напісаць яўку з павіннай, пасля чаго абяцалі адпусціць дадому. Калі ён адмовіўся, яго працягнулі катаваць: станавіліся на кайданкі нагамі і круціліся, каб яны пераразалі рукі. Па словах Кірліка, правую руку ён перастаў адчуваць, яна была халодная і апухлая.  

Пры катаваннях малады чалавек пагадзіўся ва ўсім прызнацца. Пасля гэтага міліцыянты знялі кайданкі, але Павел адразу падняцца не змог, бо ногі анямелі. Яго адвялі ў камеру, дзе пакінулі да раніцы. Зранку на допыце Кірлік заявіў, што сказаў напярэдадні выдуманую гісторыю, каб яго перасталі катаваць.

Пасля гэтага Паўла пачаў збіваць адзін з супрацоўнікаў міліцыі. Па словах Кірліка, пазней ён даведаўся, што гэта падпалкоўнік міліцыі Вячаслаў Лазука. Затрыманы чуў, што на калідоры ёсць людзі, і пачаў крычаць, пасля чаго міліцыянт спыніўся. Аднак ён пагражаў вывезці хлопца ў бязлюднае месца і там збіць да паўсмерці. 

Паўла вывелі на калідор, дзе ён папрасіў тэлефон у аднаго з затрыманых і затэлефанаваў жонцы Марыне, каб коратка расказаць, дзе знаходзіцца і што з ім адбываецца.

Увесь гэты час Марына шукала мужа: тэлефанавала і прыходзіла ў ГАМ. Але там ёй казалі, што такога чалавека ў іх няма. 

Кірліка пакінулі ў ў ГАМ яшчэ на адну ноч. Да яго ў камеру пасадзілі знаёмага з ім падсаднога. Той угаворваў маладога чалавека прызнаць віну, а таксама нікому не распавядаць, што яго катавалі і збівалі.

Перад выхадам да маладога чалавека зноў прыйшоў Лазука, які яго збіваў на працягу двух сутак, і прыгразіў на той выпадак, калі Кірлік раскажа пра тое, што з ім здарылася. 

Выпусціўшы, Кірліку не далі ніякіх копій пратаколаў на рукі. Малады чалавек прайшоў абследаванне ў лякарні хуткай дапамогі, дзе ў яго выявілі страсенне галаўнога мозгу, чэрапна-мазгавую траўму, тупую траўму грудной клеткі, шматлікія сінякі па ўсім целе. Дактары прапанавалі яму шпіталізацыю, але папярэдзілі, што ў гэтым выпадку будуць вымушаныя паведаміць у міліцыю. Кірлік адмовіўся ад шпіталізацыі, але паехаў і напісаў заяву ў Следчы камітэт на неправамерныя дзеянні супрацоўнікам ГАМ №1 Маскоўскага раёна. !н папрасіў пачаць крымінальную справу па факце катаванняў.

Мінчук заяўляе пра катаванні ў міліцыі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі