Вы тут

Мінчук атрымаў 2 гады калоніі за кінуты ў міліцэйскі аўтобус шкляны келіх

Аўтазак і міліцэйскі аўтобус у цэнтры Мінска, верасень 2020-га / З архіву Еўрарадыё

Мінчук Аляксандр Зайкоўскі атрымаў 2 гады калоніі агульнага рэжыму за кінуты ў міліцэйскі аўтобус шкляны келіх. Яго абвінавацілі па артыкуле "Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў". Крымінальную справу разглядаў суд Цэнтральнага раёна Мінска (суддзя — Юлія Густыр), прысуд быў агучаны 7 верасня, паведамляюць праваабаронцы.

У судзе было агучана, што ўвечары 12 кастрычніка 2020-га Зайкоўскі ў стане алкагольнага ап’янення на праспекце Дзяржынскага ў сталіцы разам з іншымі неўстаноўленымі асобамі "аказваў супраціўленне работнікам міліцыі, пагражаў ім прымяненнем гвалту, кінуў у бок міліцэйскага аўтобуса піўны келіх". Мужчына патлумачыў, што ў той вечар "проста гуляў без ніякай мэты", а ў бары выпіў 50 грамаў каньяку. У іншым бары ён пазнаёміўся з двума мужчынамі, якія яго справакавалі: маўляў, "а слабо кінуць бакалам у міліцэйскі аўтазак" (чырвоны аўтобус без апазнавальных знакаў стаяў побач). Нібыта, абяцалі падарыць... кватэру. Гэтых мужчын больш ніхто не бачыў.

Аляксандр Зайкоўскі павінен выплаціць чатыром байцам АМАП па тысячы рублёў кампенсацыі "маральнай шкоды". Яго накіруюць на прымусовае лячэнне ад алкагалізму.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.