Вы тут

Мінчанку арыштавалі за БЧБ-сцяг, які павесілі на акно міліцыянты

Акрэсціна / Еўрарадыё

48-гадовую мінчанку Іну Драніцу асудзілі на 30 сутак арышту, прызнаўшы вінаватай у "несанкцыянаваным пікетаванні". Нагодай стаў бел-чырвона-белы сцяг на акне яе кватэры. Пры гэтым сама жанчына кажа, што вывесілі яго міліцыянты, пішуць праваабаронцы "Вясны".

Мінчанку затрымалі 4 кастрычніка, калі яна выязджала на машыне з двара. Супрацоўнікі ГУБАЗіКа заявілі, што прыехалі да яе праводзіць ператрус. Дома ў Іны Драніцы канфіскавалі тэхніку. Таксама ў кватэры знайшлі бел-чырвона-белы сцяг, які пры панятых унеслі ў пратакол. А потым, як кажа мінчанка, міліцыянты адпусцілі панятых, павесілі сцяг на акно, прымацаваўшы яго скотчам, і сфатаграфавалі для пратакола. 

На судзе Іна Драніца прасіла выклікаць сведкамі суседзяў, каб яны пацвердзілі, што сцяг на акне не вісеў, але суддзя Фрунзенскага раёна Таццяна Палулех адхіліла хадайніцтва. Сведка-міліцыянт на судзе заявіў, быццам панятыя прыйшлі пасля таго, як міліцыянты знялі БЧБ-сцяг з акна. 

Суддзя здзівілася паказанням Драніцы пра вывешаны міліцыянтамі сцяг, таму яна запыталася, навошт гэта спатрэбілася супрацоўнікам ГУБАЗіК. "Каб пакараць мяне за незгаворлівасць", — адказала жанчына.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.