Міліцыянты перакрылі кантрабанду чорнай ікры з Расіі ў Беларусь

Беларускія міліцыянты разам з расійскімі калегамі выявілі і перакрылі канал кантрабанднай пастаўкі ў Беларусь чорнай ікры з тэрыторыі Расіі. Як інфармуе БЕЛТА, непрацуючы жыхар Мазыра на працягу некалькіх гадоў пастаўляў мінскім прадпрымальнікам чорную ікру, фасаваную ў бляшанкі па 250 г. Кошт такога тавара на рынку складаў ад $300 да $400 (у залежнасці ад пары года і плацежаздольнасці пакупніка) за ўпакоўку. Пры гэтым у прадпрымальніка не было ліцэнзіі на пастаўку і рэалізацыю ікры. У Беларусі яе продажам займаецца толькі дзяржпрадпрыемства "Белрыба". Прадпрымальны мазыранін атрымаў нелегальны прыбытак у памеры $30 тыс.

Па месцы жыхарства зламысніка аператыўнікі выявілі і канфіскавалі больш за 10 кг ікры асятровых парод рыб. У гандлёвай сетцы Мінска 1 кг чорнай ікры каштуе каля $3400.

Міліцыянты высветлілі, што незаконная здабыча ікры вялася ў Калмыкіі. На аўтобусе ікру адпраўлялі ў сталіцу Расіі, дзе тавар сустракаў беларускі прадпрымальнік і на цягніку вёз у Беларусь. Дарагі прадукт, які хутка псуецца, перавозілі грамадскім транспартам без адмысловага халадзільнага абсталявання, а час шляху складаў каля 40 гадзін. Потым ікру замарожвалі і прадавалі.

Суд Савецкага раёна Мінска прысудзіў кантырбандыста да 4 гадоў абмежавання волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі