Міліцыянераў, якія збілі Дзяніса да смерці, не пасадзілі

Суд не прыцягнуў да адказнасці супрацоўнікаў бабруйскага СІЗА, якія дзяжурылі ў ноч смерці Дзяніса Клімачова, бо... мінуў тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Дзяніс Клімачоў раптоўна загінуў у СІЗА сем гадоў таму ў 2001 годзе. Бацькам аддалі скалечанае і счарнелае ад гематом цела сына. Эксперты нібыта высветлілі прычыну смерці Дзяніса: хлопец загінуў ад сардэчнай недастатковасці, якую выклікала кардыяпатыя алкагольнага генеза. Стрыечная сястра Дзяніса Алена Абрамовіч не паверыла ў такі дыягназ і пачала пісаць скаргі. Урэшце дзяўчына дачакалася ўзбуджэння крымінальнай справы. Следства і суды цягнуліся доўгія сем гадоў. Следчыя, пракуратуры і суды мяняліся па некалькі разоў.

Алена Абрамовіч: “Падчас апазнання трупу ў морге судова-медыцынскіх экспертызаў я была шакаваная тым, што цела майго брата было сіняе ад пабояў. Былі вялікія драпіны і гематомы. Насавая перагародка была змешчана ўправа. Судмедэксперты прыйшлі да высновы, што пабоі былі нанесеныя ў выніку 35 кантактаў тупых прадметаў з целам майго брата”.

Дзяніс Клімачоў (злева) за год да смерці
Падчас першага суда, у 2003 годзе, дзяжурнаму памочніку начальніка СІЗА Леановічу і начальніку медсанчасткі следчага ізалятара Пугачу далі ўмоўныя тэрміны па артыкуле “бяздзейнасць службовай асобы”. Але такі прысуд не задаволіў сваякоў Дзяніса Клімачова. Больш за тое, нечакана знайшліся сведкі збіцця Дзяніса ў СІЗА. Больш за два дзесяткі жанчынаў сядзелі ў суседняй з Дзянісам камеры, чулі ўдары і крыкі вязня аб дапамозе.
“Еўрарадыё” сустрэлася са сведкай тых падзеяў – Аленай Шчагловай. Тады ў Бабруйскім СІЗА жанчына чакала суда за крадзеж. Сёння Алена жыве ў вёсцы Бірча Магілёўскай вобласці, яна выхоўвае пяцярых дзетак.

Алена Шчаглова: “Ён сядзеў у 39-ай камеры, а мы ў 37-ай. Яму было дрэнна, ён прасіў выклікаць “Хуткую дапамогу”, крычаў, ужо было цёмна. Памянялася змена, ён прасіў дапамогі, а яны “Хуткую” не выклікалі. А потым прыйшлі гэтыя... А потым сказалі: “Памёр”. А ад чаго памёр? Калі яго білі, ён казаў: “Не бейце мяне”. Вы ж ведаеце, як яны б’юць. Яны ж не глядзяць, куды б’юць. Вы бачылі фотаздымкі? І яны кажуць, што ён памёр ад сэрца? Ніколі я не паверу. Такі быў сіні, што прыйшлося на пахаванні штаны разразаць, каб надзець. У пракуратуры мінскай мне расказвалі, што ногі былі да таго распухлыя, што страшна. І цела было сіняе, пабітае”.

Падчас пахавання на распухлыя ад гематомаў ногі Дзяніса не маглі нацягнуць штаны.
У Бабруйску Еўрарадыё сустрэлася з асуджаным яшчэ ў 2003 годзе па гэтай справе за “бяздзейнасць службовай асобы” начальнікам медсанчасткі бабруйскага СІЗА Васілём Пугачам. Былы супрацоўнік СІЗА распавёў нам пра некаторыя цікавыя падрабязнасці смерці Клімачова.

Васіль Пугач: “Было як, быў удар тупым прадметам. Гэта мог быць бот альбо гумовы дручок. Дручок і бот – усё, што ў іх было на той момант. Справа зламалі чатыры рэбры. А злева яны, відаць, паспрабавалі зрабіць масаж сэрца. Прыкладанне сілы было сціскаючае. Так яны зламалі яшчэ чатыры рэбры і ўсё гэта схавалі да раніцы. Я не мог зразумець, за што яго білі. Ну сядзіць псіх, але біць навошта? Колькі праз нас іх прайшло, але ніхто ніколі не кранаў. Калі б справу раскруцілі па-сапраўднаму, гэта было б забойства, гэта б выбухнула, паляцелі б галовы канкрэтна”.

У 2006 годзе генеральная пракуратура пастанавіла працягнуць даследаванне гэтай неардынарнай крымінальнай справы. Следчы па асабліва цяжкіх справах пракуратуры Магілёўскай вобласці Аляксандр Вяржбіцкі пагадзіўся, што Дзяніса Клімачова жорстка збівалі. Справу даследавалі па артыкуле “перавышэнне службовых абавязкаў” (да 12 гадоў пазбаўлення волі), а потым следчы перакваліфікаваў яе ў артыкул “невыкананне службовай асобай сваіх абавязкаў”. Абвінавачвалі таго ж дзяжурнага памочніка начальніка СІЗА Леановіча і кантралёра Мазгавога.

Нарэшце ў чацвер 2 кастрычніка суддзя Глускага раёну Сяргей Такарчук пастанавіў: крымінальную справу зачыніць з прычыны таго, што мінуў тэрмін прыцягнення абвінавачваемых да крымінальнай адказнасці.

Сваякі кажуць, што Дзяніс (у цэнтры) не быў алкаголікам і займаўся спортам як у войску, так і за месяцы да смерці

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі