Вы тут

Міліцыянер страляў у кватэры ў Мінску. Затрыманыя 7 чалавек, 1 з іх — у бальніцы

Вуліца Паўліны Мядзёлкі. Хуткая і міліцыя побач з пад'ездам, у якім стралялі. Фота: Еўрарадыё

Міліцыянер страляў у кватэры ў Мінску, затрыманыя 7 чалавек, 1 з іх — у бальніцы. Пра здарэнне, якое адбылося 1 кастрычніка, паведамляе прэс-служба. Адзначаецца, што "раней судзімыя асобы... справакавалі канфліктную сітуацыю".

Здарэнне адбылося ў кватэры жылога дома па вуліцы Паўліны Мядзёлкі. Нейкія грамадзяне паскардзіліся ў міліцыю, што ў кватэры крычаць, а з вокнаў выкідаюць бутэлькі. Туды паехаў нарад міліцыі Цэнтральнага РУУС. У кватэры знаходзіліся сем чалавек: пяць мужчын і дзве жанчыны. Колькі было міліцыянераў, не ўдакладняецца (верагодна, двое).

Праваахоўнікі пачалі высвятляць прычыну "супрацьпраўных паводзін", хацелі пабачыць дакументы прысутных. Гэтыя патрабаванні абурылі людзей, і яны "пачалі паводзіць сябе агрэсіўна і правакаваць бойку". Міліцыянеры "неаднаразова папярэджвалі пра магчымае выкарыстанне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў і зброі". Але прысутных у кватэры гэта не спалохала. Па версіі праваахоўнікаў, адзін з мужчын паспрабаваў завалодаць табельнай зброяй міліцыянера. Тады ім былі зроблены некалькі папераджальных стрэлаў.

"Дадзеная мера не супакоіла нападніка, і супрацоўнік быў вымушаны зрабіць адзін стрэл у нагу нападніку", — інфармуе сталічная міліцыя.

Кватэра, у якой разгортваліся падзеі, апячатаная. Фота: Еўрарадыё

Былі затрыманыя 7 чалавек, шасцёра з іх знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Паранены ў левую галёнку мужчына знаходзіцца ў бальніцы (верагодна, таксама пад вартай). Праводзіцца высвятленне ўсіх абставін здарэння. Распачатая крымінальная справа.

Міліцыя адзначае, што ўсе прысутныя ў кватэры на Паўліны Мядзёлкі раней прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.