Міліцыя зможа без суда штрафаваць за распіццё піва на вуліцы
Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на паседжанні 13 лістапада прынялі ў першым чытанні папраўкі ў Кодэкс пра адміністрацыйныя правапарушэнні.
Папраўкі прадугледжваюць альтэрнатыўную падведамнасць па справах пра шэраг правапарушэнняў. У прыватнасці, альтэрнатыўная падведамнасць уводзіцца па справах пра такія правапарушэнні, як дробны крадзеж, дробнае хуліганства, распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ці на працы ў стане ап'янення. Цяпер разгляд такіх адміністрацыйных справаў знаходзіцца ў кампетэнцыі судоў.
Пры гэтым, органы МУС змогуць толькі выносіць рашэнні пра штрафы, а не прымаць рашэнне пра адміністрацыйны арышт, адзначае БелаПАН.
Прадстаўляючы праект закона ў парламенце, старшыня Вярхоўнага суда Валянцін Сукала заявіў, што ў 2012 годзе ўдзельная вага справаў пра такія правапарушэнні склала 70% ад агульнай колькасці справаў пра адміністрацыйныя правапарушэнні. Гэта значыць, новая мера дапаможа разгрузіць суды.
Калі асоба не будзе прызнаваць сябе вінаватай у адміністрацыйным правапарушэнні, справа на яго абавязкова накіруюць у суд.
Фота — bymedia.net