Міліцыя разагнала акцыю апазіцыі ў цэнтры Мінска і затрымала яе ўдзельнікаў

Міліцыя затрымала актывістаў апазіцыі, якія на Кастрычніцкай плошчы Мінска спрабавалі правесці акцыю, прымеркаваную да 10-годдзя знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага. У 18 гадзін каля 20 чалавек сталі на плошчы ўздоўж праспекта
Незалежнасці ў ланцуг. Яны трымалі партрэты зніклых палітыкаў, а
таксама расцяжку з надпісам "Памятаем".

Практычна адразу ж удзельнікаў
акцыі блакаваў спецназ і неўзабаве іх сілай пасадзілі ў аўтобусы і
даставілі ў Цэнтральны РАЎС.

Сярод затрыманых — Мікалай Статкевіч,
Сяргей Скрабец, Яўген Афнагель і іншыя актывісты апазіцыі.

Нагадаем, 10
гадоў таму ў Беларусі бясследна зніклі адразу тры чалавекі: 7 траўня
1999 года знік былы міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, а 16
верасня — былы кіраўнік Цэнтравыбаркама Віктар Ганчар і яго сябар,
бізнесмен Анатоль Красоўскі. Праз год знік аператар расійскага
тэлеканала ОРТ Зміцер Завадскі.



БелаПАН