Міліцыя раскрыла карупцыю ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта

Міліцыя раскрыла карупцыю ў Кіраўніцтве справамі прэзідэнта

31 ліпеня 2015 года супрацоўнікі УБЭП ГУУС Мінгарвыканкама разам з СПБТ "Алмаз" затрымалі выканаўцу абавязкаў першага намесніка начальніка "Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення" Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Уладзіміра Рэянтовіча, яго былую жонка, а таксама двух заснавальнікаў ТАА "ПКБ-Плюс" Аляксандра Пікуліка і Рыгора Ветра. Усіх іх падазравалі ў хабарніцтве, інфармуе сайт сталічнай міліцыі

Па звестках аператыўнікаў, з 2013-га па 2015 год Пікулік і Вецер па папярэдняй змове перадалі Рэянтовічу хабар на агульную суму каля 100 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Гэта прычыніла істотную шкоду дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Грошы перадаваліся Рэянтовічу цераз пасярэдніка — яго былую жонку.

Хабар Рэянтовічу давалі за заключэнне дамоваў будаўнічага падраду з ТАА "ПКБ-Плюс" і падпісанне па іх актаў і даведак аб кошце выкананых работ і своечасовую аплату са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Таксама Рэянтовіч атрымліваў "адкаты" за перамогу ТАА "ПКБ-Плюс" у тэндарах на дзяржаўныя закупкі.

Агулам на Рэянтовіча, Пікуліка і Ветра Следчы камітэт пачаў 14 крымінальных справаў. Чыноўніка Кіраўніцтва справамі арыштавалі ў жніўні 2015 года. А ў лістападзе таго ж года выявіўся яшчэ адзін факт атрымання ім хабару — больш за мільярд недэнамінаваных рублёў. Гэтыя грошы яму перадаў дырэктар аднаго з мінскіх ТДА за заключэнне і выкананне дзяржаўнага кантракту на работы па мадэрнізацыі будынкаў рэспубліканскай уласнасці, падпісанне актаў выкананых работ і своечасовую аплату са сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

У снежні 2016-га суд Мінскага раёну прызнаў Рэянтовіча вінаватым у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, а таксама атрыманні хабару. Яму прысудзілі 9 гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Таксама чыноўнік быў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў тэрмінам на 5 гадоў, аштрафаваны на 1000 базавых велічыняў (21 000 рублёў). На карысць дзяржавы з яго вырашана спагнаць 110 000 рублёў.

Яго былую жонку асудзілі за пасрэдніцтва ў хабарніцтве на 4 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Пікулік і Вецер асуджаныя за дачу хабару, адпаведна, на тры і чатыры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

У 2017 годзе Мінскі абласны суд разгледзеў апеляцыю на гэты вырак і пакінуў амаль усё без зменаў. Паямянялася толькі пакаранне былой жонцы Рэянтовіча: ёй прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму. Таксама ў яе канфіскуюць маёмасць і пазбавяць права займаць пэўныя пасады тэрмінам на 5 гадоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі