Вы тут

Міліцыя пра відэа з Лябедзькам: Галоўнае — здароўе чалавека, а не пытанні этыкі

Фота: скрыншот з відэа, распаўсюджанага ГУУС Мінгарвыканкама

Затрыманне 9 лютага супрацоўнікамі ДАІ лідара АГП Анатоля Лябедзькі атрымлівае нечаканы скандальны працяг. У адказ на словы палітыка пра тое, што ён страціў прытомнасць падчас велапрагулкі ў 2016 годзе, магчыма, з-за таго, што “людзі ў цывільным нешта распылілі ў паветры”, на сайце ГУУС з’яўляецца відэа таго здарэння.

Відэа суправаджаецца словамі пра тое, што ў Анатоля Лябедзькі былі “канвульсіі, хрыпы і пена з рота, якія маглі сведчыць пра тое ў яго магчымы эпілептычны прыпадак”.

Апублікаванае міліцыяй відэа выклікае сумневы ў этычнасці такіх дзеянняў праваахоўнікаў. Але ў аддзеле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама лічаць інакш.

“Судзіць наконт этыкі цяпер не будзем. Сітуацыя ў тым, што Анатоль, каментуючы, чаму ён не атрымаў даведку медыцынскую, закранаў момант, на якой падставе яе яму не даюць. І тут вырашылі ўдакладніць ― па якіх менавіта. Бо ён чамусьці не пажадаў расказваць усе падрабязнасці. Я лічу, што гэта (апублікаванае ГУУС Мінгарвыканкамам відэа. ― Еўрарадыё) даволі такі сур’ёзны момант ― тут пацверджанне таго, што не беспадстаўна яму адмовілі ў выдачы даведкі. Такога плану праблемы са здароўем ― даволі сур’ёзная прычына. Таму тут, здаецца, трэба больш удакладняць медыцынскае пытанне, чым пытанне этыкі”, ― тлумачаць Еўрарадыё ў аддзеле інфармацыі і грамадскіх сувязяў сталічнай міліцыі.

Патрабаваць выдалення відэа ні з міліцэйскіх акаўнтаў у сацсетках, ні са старонак СМІ, якія яго апублікавалі, лідар АГП, па яго словах, не будзе.

Анатоль Лябедзька: “Можна апеляваць да людзей, якія маюць хоць нейкія слабыя ўяўленні пра этыку, мараль і закон. А да каго вы мне прапануеце апеляваць у гэтай сітуацыі? Можа, нехта мяне пераканае, але на дадзены момант я не лічу патрэбным сядзець ды паперы нейкія пісаць”.

Па словах Лябедзькі, для яго самае галоўнае сёння ў тым, што сваім станам здароўя ён “не стварае праблем ні сабе, ні сваім родным, ні людзям, побач з якімі ён можа апынуцца. Тым больш, што медыкі засведчылі ― стан яго здароўя адпавядае норме.

Анатоль Лябедзька: “У мяне на руках паперы з дыягназам, якія я атрымаў пасля таго здарэння. І гэта сітуацыя, якая здараецца ў кожнага трэцяга чалавека. У розных формах, але гэта наша жыццё такое. Дыягназ: адзінкавы сінкапальны стан неўдакладненага генэзу. Гэтую паперку з дыягназам мне далі пасля таго, як я прайшоў тамаграфію і ўсе астатнія неабходныя абследаванні”.

 

Даведка Еўрарадыё: Сінкапальны стан ― сімптом, які выяўляецца раптоўнай, кароткачасовай стратай прытомнасці і суправаджаецца падзеннем мышачнага тонусу. Узнікае ў выніку транзістарнай гіпаперфузіі галаўнога мозга. У пацыентаў пры сінкопе назіраюцца бледнасць скуры, пахаладанне канечнасцяў, слабы пульс, частае павярхоўнае дыханне. Працягласць сінкопы звычайна каля 20 сек. Пасля страты прытомнасці стан пацыента, як правіла, аднаўляецца хутка і цалкам, аднак адзначаюцца слабасць, стамляльнасць. У пажылых пацыентаў можа назірацца рэтраградная амнезія. Сінкіпальны і перадсінкапальны стан рэгіструюць у 30% людзей, па меншай меры, аднаразова.

 

Палітык прыгадвае: цікавіўся ў дактароў, ці можа быць прычынай гэтага яго “адзінкавага сінкапальнага стану” нешта таксічнае, распыленае ў паветры. І яны, нібыта, такую верагоднасць не выключылі. Толькі высветліць гэта з дапамогай аналізаў былі не здольныя ― час прайшоў, кажа Лябедзька.

Анатоль Лябедзька: “Пасля, падчас размовы ў РАУС Цэнтральнага раёна, у мяне была думка напісаць заяву, але мне проста ў вочы сказалі: “Вы ж ведаеце, чым усё завершыцца”. Я ведаю, бо ў мяне быў выпадак, калі мяне збілі незнаёмыя на парозе маёй кватэры. Я пісаў тады розныя заявы, але ўсё скончылася “пшыкам”. І таму я проста махнуў рукой на тое здарэнне”.

Калі раней, кажа Лябедзька, і маглі быць сумневы ў датычнасці праваахоўных органаў да яго праблем з атрыманнем медыцынскай даведкі кіроўцы, то пасля публікацыі гэтага відэа яны зніклі канчаткова. Палітык упэўнены, усе гэтыя падзеі звязаныя з актыўнасцю яго і кандыдатаў у дэпутаты ад АГП падчас сёлетняй выбарчай кампаніі.

У прэс-службе сталічнай міліцыі не здалелі адказаць Еўрарадыё, ці заўжды ўсе здарэнні патрулём АМАП фіксуюцца на відэа. Гэтак жа, як і не кажуць пра тое, колькі часу такія відэа захоўваюцца.