Вы тут

Міліцыя не знайшла парушэння закона ва ўсхваленні нацысцкіх шыбеніц

Аляксей Голікаў / СТБ

Міліцыя не знайшла парушэнняў закону ў выступе блогера Аляксея Голікава на тэлеканале СТБ, у якім ён усхваляў нацысцкія шыбеніцы. Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымаў Ілля Міронаў. 

Тэлесюжэт Голікава выйшаў у лютым 2021 года. Ён усхваляў нацысцкія расстрэлы і шыбеніцы, а таксама жорсткія меры "навядзення парадку". Гэты выступ выклікаў шырокі розгалас. Былі нават скаргі ў Мініфармацыі, але гэтае ведамства адмовілася разглядаць выступ Голікава, заявіўшы, што суд не прызнаваў яго экстрэмісцкім.

Міронаў падаваў скаргу на Голікава — "за рэабілітацыю нацызму і распальванне варожасці пры параўнанні парадку і нямецкіх шыбеніц". Адказ, атрыманы з міліцыі Цэнтральнага раёна Мінска, ён апублікаваў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку. 

У адказе, які падпісаў намеснік начальніка Цэнтральнага РУУС Мінска А. Шахлай, гаворыцца, што пад ч.1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса тарпляюць наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці, на прыніжэнне нацыянальнага гонару і годнасці. 

"У матэрыялах журналіста тэлеканала СТБ А. Голікава адсутнічае намер на здзяйсненне названых вышэй дзеянняў, у тым ліку і па закліку да гвалту. У матэрыялах змяшчаецца інфармацыя пра тое, чаго не варта здзяйсняць пэўнаму колу асоб, якія выяўляюць публічныя выказванні сваіх грамадска-палітычных настрояў, і да чаго гэта можа прывесці. У дадзеным выпадку ў яго дзеяннях адсутнічаюць прыкметы складу злачынства, прадугледжанага ч.1 арт. 130 КК РБ", — мяркуе прадстаўнік міліцыі.

Адказ з міліцыі на скаргу на Аляксея Голікава / facebook.com/rock.epicenter

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.