Міліцыя не задаволіла скаргу Танкачовай на рашэнне суда аб высылцы з краіны

ГУУС Мінгарвыканкама адмовіла праваабаронцы Алене Танкачовай у задавольванні скаргі на рашэнне Першамайскага РУУС аб высылцы з Беларусі. Як паведамляла Еўрарадыё, што 5 лістапада міліцыя вырашыла дэпартаваць грамадзянку Расіі на 3 гады. Выехаць з нашай краіны яна павінна на працягу месяца. 

Аднак абскарджванне рашэння прадугледжвае прыпыненне працэсу высылкі на тры месяца (па адным месяцы на абскарджванне ў кожнай з інстанцый). Як інфармуе БелаПАН, Алена Танкачова паведаміла, што рашэнне ў ГУУС было вынесена яшчэ 12 снежня, але з ім яе азнаёмілі толькі ў сераду.

Праваабаронца мае намер абскардзіць рашэнне міліцыі аб высылцы з краіны, на гэты раз у судзе. Пры гэтым яна пакуль дакладна не ведае, дзе трэба абскарджваць — у судзе Першамайскага раёна ці Мінгарсудзе.

Алена Танкачова з'яўляецца грамадзянкай Расіі, але жыве ў Беларусі каля 30 гадоў. Яна мае ў нашай краіне нерухомасць і сталую працу. На працягу 20 гадоў яна і Цэнтр прававой трансфармацыі, які Танкачова ачольвае, аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертную падтрымку некамерцыйным арганізацыям Беларусі, ды ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека. Падставай для рашэння ўладаў аб высылцы сталі факты нязначнага перавышэння хуткасці аўтамабілем Танкачовай, зафіксаваныя відэакамерамі.

Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці лічаць дзеянні ўладаў палітычна матываваным рашэннем.

Чым магла перашкодзіць уладам праваабаронца Алена Танкачова?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі