Міліцыя не толькі затрымала памочніка машыніста цягніка, на яго склалі пратаколы

У Мінск цягнік спазніўся (ілюстрацыйнае фота)

У Мінск цягнік спазніўся (ілюстрацыйнае фота) / tvrgomel.by

"Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі" паведаміла новыя факты пра здарэнне на чыгуначнай станцыі ў Бабруйску. 14 студзеня там быў затрыманы пасажырскі цягнік "Гомель — Мінск". Прычынай гэтага сталі дзеянні міліцыі, якая схапіла памочніка машыніста падчас выканання ім сваіх службовых абавязкаў. Ён спрабаваў за кароткі прыпынак агледзець цягнік, паколькі падчас руху спрацоўвала прылада, якая сочыць за яго габарытамі. Міліцыянерам жа чыгуначнік падаўся падазроным і яго забралі ў лінейны пункт міліцыі, які знаходзіцца побач з будынкам вакзала. Высвятляецца, што з-за праверкі "дыверсанта" адпраўка цягніка затрымалася не на 30, а на 45 хвілін. У Мінск ён спазніўся.

Каб апраўдаць свае дзеянні, міліцыянеры планавалі зрабіць затрыманага фігурантам крымінальнай справы — за "абразу прадстаўніка ўлады" і "супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў". Але ў выніку самі, ці на загад начальства, ад гэтых планаў адмовіліся, склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Мужчыну прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне на чыгунцы без адпаведнай камізэлькі і "за курэнне ў неўстаноўленым месцы".

Здарэнне ў Бабруйску не было адлюстравана ў справаздачах пра стан бяспекі руху і адмовы тэхнічных сродкаў на Беларускай чыгунцы за студзень 2024-га.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі