Вы тут

Міліцыя не лічыць хуліганам хлопца, які кідаўся на вуліцы мэбляй у незнаёмых

Нацыянальная сімволіка на мінскай вуліцы / Еўрарадыё

Міліцыя не пабачыла складу злачынства ў дзеяннях 27-гадовага мінчука, які пагражаў "ружачкай" кампаніі з бел-чырвона-белай сімволікай, а потым кідаў у людзей мэблю. Пра гэта гаворыцца ў пратаколе, складзеным у Маскоўскім РУУС Мінска. 

Інцыдэнт адбыўся 2 верасня каля кавярні на вуліцы Ленінградскай. Нецвярозы мінчук Фёдараў пабачыў хлопца, загорнутага ў бел-чырвона-белы сцяг, і запатрабаваў зняць сцяг. Паведамляецца, што Фёдараў неафіцыйна працуе на будоўлях і не можна знайсці працу, бо "прыхільнікі "бел-чырвона-белага" руху напальваюць абстаноўку ў краіне"

Хлопец адмовіўся здымаць сцяг — як гаворыцца ў пратаколе, ён паводзіўся "неадэкватна, па ім было бачна, што той хацеў пабіцца". За хлопца са сцягам сталі заступацца іншыя людзі з нацыянальнай сімволікай. Яны крычалі Фёдараву: "Ганьба!" У пратаколе іх дзеянні апісваюцца так: "Яны таксама паводзілі сябе неадэкватна, па ім таксама было бачна, што яны хацелі пабіцца".

П'яны скандаліст разбіў бутэльку і зрабіў з яе "ружачку". Пры гэтым, як сцвярджае міліцыя, "ён нікому канкрэтна не пагражаў, фізічную шкоду не прычыніў". 

З Фёдаравым быў сябра, які забраў у яго "ружачку". Тады скандаліст пачаў кідацца ў людзей мэбляй. "Як патлумачыў Фёдараў, гэтае дзеянне насіла знак пратэсту супраць дзеянняў па дэстабілізацыі ў краіне і іх няправільных паводзінаў", — адзначаецца ў пратаколе.

Урэшце сябра Фёдарава стукнуў яго ў твар так, што той паваліўся і супакоіўся. Пасля гэтага прыехалі міліцыянты, якія забралі п'янага дэбашыра ў Маскоўскае РУУС Мінска. 

Тым не менш крымінальную справу за хуліганства на Фёдарава пачынаць не будуць, бо ў яго дзеяннях міліцыя не знайшла складу злачынства. "Яго дзеянні не характарызаваліся беспрычыннасцю і мелі накіраванасць супраць канкрэтнай асобы і былі здзейсненыя па асабістых матывах, выкліканых тым, што асобы, якія ходзяць па вуліцах вялікімі групамі з незарэгістраванай сімволікай (бел-чырвона-белы сцяг і герб "Пагоня"), дэстабілізуюць сітуацыю ў дзяржаве, у сувязі з чым у цяперашні момант ён не можа знайсці сабе месца працы і пастаянны заробак".

Пратакол на Фёдарава / Еўрарадыё
Пратакол на Фёдарава / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.