Міліцыя давозіць п’яных дахаты за 35 тысяч рублёў

Як даведалася Еўрарадыё, мінскія міліцыянты зацікавіліся незвычайным вопытам віцебскіх калег, якія ўжо трэці год дастаўляюць п’яных дадому за грошы. “Пацыенту” прапануюць на выбар – ці то дадому, ці то ноч у выцвярэзніку, што ў тры разы даражэй Як кажа Еўрарадыё начальнік аддзела арганізацыі працы спецыяльных устаноў МУС Беларусі Вадзім Рошчын, падабранага на вуліцы п’янага павязуць у выцвярэзнік, а пасля агляду доктара прапануюць — застацца там ці адвезці дамоў за грошы. “Пацыент” мае права абраць выцвярэзнік. У Віцебскай вобласці такая гуманая практыка існуе ўжо трэці год. Па словах міліцыі, сваякі п’яных нават пішуць лісты з падзякай!

Вадзім Рошчын: Ёсць станоўчыя станоўчыя водгукі ад грамадзян, лісты з падзякай, што паставіліся па-чалавечаму, з разуменнем да чалавека, якога даставілі дахаты. Дзякуюць за тое, што не пакінулі на вуліцы, не далі замёрзнуць, а ў цэласці даставілі яго дамоў.

У мінскім медыцынскім выцвярэзніку 25 месцаў, і кожны дзень сюды прывозяць 15-20 чалавек. Па словах начальніка мінскага выцвярэзніка, пацыентамі становіцца нават мужчыны ў дарагіх касцюмах. Дарэчы, у гэтым годзе жанчын трапляе значна болей. За адно наведванне медыцынскай установы пацыенты аддаюць 50 тысяч рублёў.

А вось выцвярэзнік у Паставах, што на Віцебшчыне, чамусьці каштуе значна даражэй за сталічны – 105 тысяч. Яго начальнік Сяргей Лапушынскі кажа Еўрарадыё, што альтэрнатыўная платная паслуга існуе з 2005 года і паспела ўжо стаць папулярнай: за тры месяцы гэтага года дадому “папрасіліся” 70 чалавек. Высокім тарыфам за праезд яшчэ ніхто не абураўся.

Сяргей Лапушынскі: А чаго ім абурацца? Гэта ж значна танней, чым каштуе ложак у выцвярэзніку. Мы такую суму не самі выдумывалі, яе зацвердзіў выканкам.

Аднак, як даведалася Еўрарадыё, сёння сталічныя міліцыянеры таксама адвозяць п’яных дамоў. І пакуль робяць гэта… бясплатна. Начальнік мінскага медыцынскага выцвярэзніка маёр міліцыі Сяргей Бабіцын кажа, што кожны дзень міліцэйскі экіпаж адвозіць дахаты 3-4 чалавекі. Калі п’яны можа назваць сваё імя, адрас, ведае, дзе ён знаходзіцца, тады яго падвязуць з ветрыкам дадому.

Сяргей Бабіцын: Калі грамадзянін арыентуецца ў асяроддзі: разумее, дзе ён знаходзіцца, можа нам расказаць, дзе ён жыве, дае нам усе свае дадзеныя… У такім выпадку якія могуць быць праблемы?

Аднак гэта ў тэорыі. Як кажуць самі міліціянты, дадому яны дастаўляюць толькі тых нецвярозых, хто жыве недалёка ці па шляху патрулявання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі