Міліцыя абнародавала сваю відэаверсію жорсткага затрымання ў метро

Міліцыя абнародавала сваю відэаверсію жорсткага затрымання ў метро

Сталічная міліцыя абнародавала сваю версію жорсткага затрымання ў метро, якое выклікала ў сацсетках вялікі скандал на выходных. Запіс з відэакамераў размешчаны на сайце ГУУС Мінгарвыканкама. 

Па словах прэс-службы міліцыі, здарэнне адбылося ў 1 гадзіну 16 хвілін 27 траўня. Супрацоўнік УУС па ахове Мінскага метрапалітэна, нібыта, атрымаў інфармацыю пра хуліганскія паводзіны маладога чалавека на станцыі метро "Кастрычніцкая". Як адзначае міліцыя, "па ўсіх прыкметах той быў у стане алкагольнага ап'янення: неадэкватныя паводзіны, хісткая паходка, у навакольным становішчы арыентаваўся слаба". 

На відэароліку, які абнародавала міліцыя, бачна, што юнак быў у кампаніі, круціўся вакол парэнчаў у метро і незнарок збіў з ног мужчыну. Як можна меркаваць па відэа, пасля гэтага юнак папрасіў прабачэння ў мужчыны. Паходку хлопца пры гэтым складана назваць хісткай.

Па версіі ГУУС, міліцыянт спыніў юнака і папрасіў пакінуць метрапалітэн, бо п'яным забаронены праезд у метро. Яны падняліся ў вестыбюль, аднак сыходзіць са станцыі хлопец адмовіўся. 

Паведамляецца, што юнак стаў супраціўляцца, калі яго спрабавалі адвесці ў пакой міліцыі для разбору. Пры гэтым ён траўмаваў міліцыянта (закрыты пералом костак носа). Правапарушальніка затрымалі з дапамогай супрацоўнікаў службы бяспекі мінскага метрапалітэна і бліжэйшага міліцэйскага нараду. Хлопца даставілі ў пакой міліцыі, а потым у аддзяленне таксікалогіі лякарні хуткай меддапамогі. Спярша яму паставілі дыягназ "Алкагольнае ап'яненне, наркатычнае атручэнне", а потым дыягназ удакладнілі — "Алкагольнае атручванне".

На затрыманага хлопца пачалі крымінальную справу за гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.

Міліцыя дадае, што гэты 19-гадовы мінчук раней неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці: за дробнае хуліганства, распіванне спіртных напояў / знаходжанне ў нецвярозым стане ў грамадскім месцы, дробны крадзеж, парушэнне абавязкаў па воінскаму ўліку. 

У лютым 2017 года суд Фрунзенскага раёна Мінска асудзіў яго на 240 гадзінаў грамадскіх работ за крадзеж. Ён знаходзіцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Кастрычніцкага РУУС сталіцы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі